Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа: не дазволім заразіць сябе вычварнай логікай вайны

Давайце разрадзім канфлікты зброяй дыялогу, - заклікаў Францішак падчас міжрэлігійнай малітвы за мір ва Украіне і ўсім свеце, якая прайшла 25 кастрычніка 2022 года ў рымскім Калізеі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Сёлета наша малітва ствала “воклічам”, бо сёння мір быў цяжка парушаны, паранены і растаптаны: і гэта ў Еўропе, на кантыненце, які ў мінулым стагоддзі перажыў трагедыі дзвюх сусветных войнаў. На жаль, з таго часу войны ніколі не пераставалі акрываўліваць і збядняць зямлю, але момант, які мы перажываем зараз, асабліва драматычны. Таму мы ўзносім нашу малітву да Бога, які заўсёды чуе трывожны вокліч сваіх дзяцей”, - сказаў на пачатку сваёй прамовы Папа.

Пантыфік нагадаў, што мір знаходзіцца ў сутнасці рэлігій, іх святых пісанняў і пасланняў. “У цішыні малітвы, сёння вечарам, мы пачулі вокліч аб міры: міры, задушаным у многіх рэгіёнах свету, прыніжаным празмерным гвалтам, адмоўленым нават дзецям і старыкам, якіх не абмінулі жудасныя пакуты вайны. Вокліч аб міры часта заглушаецца не толькі ваяўнічай рыторыкай, але таксама і раўнадушшам. Яго прымушае змоўкнуць нянавісць, якая расце падчас змагання”, - зазначыў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што вокліч аб міры немагчыма задушыць: ён зыходзіць з сэрцаў маці, напісаны на тварах бежанцаў, сем’яў, якія ўцякаюць, параненых і паміраючых. “І гэты ціхі вокліч узносіцца да Нябёсаў. Яму не знаёмы магічныя формулы для выйсця з канфліктаў, але ён мае святое права прасіць аб міры ў імя перанесеных пакут, і заслугоўвае таго, каб быць пачутым. Ён заслугоўвае таго, каб усе, пачынаючы ад кіраўнікоў дзяржаў, прыслухаліся да яго з сур’ёзнасцю і павагай. Вокліч аб міры выражае боль і жах вайны, маці ўсякай беднасці”, - сцвердзіў Францішак.

“Кожная вайна пакідае наш свет у горшым стане, чым яго застала. Вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва, ганебная капітуляцыя, горкая параза перад сіламі зла”, - нагадаў Папа, дадаючы, што перакананасць у гэтым грунтуецца на балючых уроках ХХ стагоддзя. “Сёння адбываецца тое, чаго мы баяліся, і пра што ніколі не хацелі чуць: што выкарыстаннем атамных узбраенняў, якія злачынным чынам працягвалі вырабляцца пасля Хірасімы і Нагасакі, зараз адкрыта пагражаюць”, - сказаў ён.

Францішак падкрэсліў, што ў гэтым змрочным сцэнары, дзе задумы моцных свету не абапіраюцца на справядлівыя памкненні народаў, застаецца актуальнай задума Бога, якая з’яўляецца задумай міру. “Давайце не дазволім заразіць сябе вычварнай логікай вайны; не трапім у пастку нянавісці да ворага. Давайце паставім у цэнтр бачання будучыні мір, як галоўную мэту нашых асабістых, грамадскіх і палітычных дзеянняў на ўсіх узроўнях. Давайце разрадзім канфлікты зброяй дыялогу”, - заклікаў Папа.

Пантыфік нагадаў словы святога Яна ХХІІІ, які, падчас Карыбскага крызісу 1962 года, заклікаў кіраўнікоў дзяржаў не заставацца глухімі да вокліку чалавецтва і зрабіць усё магчымае для захавання міру. “Такім чынам мы пазбегнем жахаў вайны, жудасныя наступствы якой немагчыма прадбачыць... Прасоўваць, спрыяць, прымаць дыялог, на ўсіх узроўнях і ў кожны час, гэта правіла мудрасці і разважлівасці, якое прыцягвае благаслаўленне неба і зямлі”, - казаў 60 гадоў таму Папа. Францішак адзначыў актуальнасць гэтых слоў. “Мы не нейтральныя, мы на баку міру”. Таму спасылаемся на ius pacis, як на права ўсіх вырашаць канфлікты без гвалту”, - дадаў ён.

Папа нагадаў, што рэлігіі дапамагаюць жыць у міры, а таксама паўтараыў заклік, які гучаў падчас мінулагодняй міжрэлігійнай малітвы ў Калізеі, але стаў яшчэ больш актуальным: “Рэлігіі нельга выкарыстоўваць для вайны. Толькі мір святы і ніхто не павінен выкарыстоўваць імя Бога, каб благаслаўляць тэрор і насілле. Калі бачыце вакол сябе войны, не скарайцеся! Народы прагнуць міру”.

Святы Айцец заахвоціў не скарацца перад абліччам вайны і працягваць сеяць зерні прымірэння, а таксама паўтарыў словы святога Яна ХХІІІ: “Няхай усе народы зямлі стануць братамі і сёстрамі, няхай паміж імі заўсёды пануе жаданы мір”. “Няхай будзе так, з Божай ласкі і добрай волі людзей, якіх Ён любіць”, - пажадаў на заканчэнне прамовы Папы.
 

25 кастрычніка 2022, 18:04