Святая Імша ў 60-годдзе адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора Святая Імша ў 60-годдзе адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора 

Папа: Сабор вучыць нас не закрывацца, а быць сярод людзей

11 кастрычніка 2022 года Францішак узначаліў святую Імшу з нагоды 60-й гадавіны адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора і літургічнага ўспаміну папы Яна ХХІІІ, які склікаў яго.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сваю гамілію Папа пачаў разважаннем над вялікім пытаннем, якое апостал Пётр пачуў ад Хрыста: “Ці любіш ты Мяне?”. Ён і сёння скіраваны да нас, як да Касцёла, а адказам на яго стаў Другі Ватыканскі Сабор, - зазначыў Пантыфік, дадаючы, што менавіта, каб распаліць сваю любоў, Касцёл, упершыню ў гісторыі, прысвяціў Сабор разважанню над самім сабой, сваёй прыродай і місіяй.

Францішак падкрэсліў, што, дзякуючы Сабору, Касцёл зноў асэнсаваў сябе Божым Народам, Целам Хрыста і жывой святыняй Святога Духа. Ён заклікаў глядзець на Касцёл з перспектывы Бога, а не духа гэтага свету. “Давайце будзем пільнымі. Як прагрэсізм, які хапаецца за свет, так і традыцыяналізм, што аплаквае мінулае – гэта не доказы любові, а доказы нявернасці”, - папярэдзіў Папа.

Святы Айцец заклікаў зноў звярнуцца да Сабора, каб паставіць на першае месца Бога, тое, што самае істотнае. Касцёл павінен любіць у першую чаргу Пана і людзей; павінен быць багатым Богам і бедным сродкамі; павінен быць свабодным і несці вызваленне, - сцвердзіў ён. Папа пажадаў, каб Касцёл жыў верай з радасцю, без нараканняў і крытыкі. Касцёл, закаханы ў Езуса, не мае часу на спрэчкі, на атруту і на палеміку.

Францішак нагадаў, што Езус даручыў апосталу Пятру місію пасвіць Яго статак, а пастыр, павінен клапаціцца пра іншых, знаходзячыся пасярод іх. Другі Ватыканскі Сабор вучыць менавіта гэтаму: быць сярод іншых, раздзяляць іх радасці і надзею. “Наколькі актуальным з’яўляецца Сабор: ён дапамагае нам адкінуць спакусу закрытасці за агароджай нашага камфорту і перакананняў”, - сказаў Папа, заклікаючы наследаваць стыль Бога: шукаць згубленую авечку, перавязаць параненую і лячыць хворую.

Пантыфік заклікаў вярнуцца да Сабора, каб выйсці насустрач людзям і пераадолець спакусу самадастатковасці і палярызацыі ў Касцёле. “Няхай нам дапаможа ў гэтым Марыя, Маці Касцёла. Няхай умацуе ў нас прагненне еднасці, жаданне працаваць на карысць поўнага адзінства паміж усімі, хто верыць у Хрыста”, - сказаў Святы Айцец.
 

11 кастрычніка 2022, 18:33