Францішак сустрэўся з Прэм'ер-міністрам Чарнагорыі
Марыя Валодзіна – Vatican News
Як паведамляе Зала Друку Святога Пасаду, падчас гутаркі былі пацверджаны добрыя двухбаковыя адносіны, намер і далей развіваць супрацоўніцтва ў сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, а таксама адзначаны станоўчы ўклад каталіцкай супольнасці ў развіццё грамадства Чарнагорыі.
Бакі пагадзіліся адносна неабходнасці інклюзіўнага дыялогу паміж усімі палітычнымі сіламі дзеля агульнага дабра Чарнагорыі. У ходзе сустрэчы былі разгледжаны некаторыя рэгіянальныя пытанні, у тым ліку сітуацыя ў краінах Заходніх Балкан і іх ўступленне ў Еўрапейскі Саюз.
Падчас традыцыйнага абмена падарункамі Пантыфік падарыў Абазавічу некалькі асобнікаў сваіх дакументаў: пасланне на Сусветны дзень міра, Дакумент аб агульначалавечым братэрстве, фотаальбом, прысвечаны Statio Orbis, кнігу Let us dream з прысвячэннем, а таксама бронзавую аліўкавую галінку. У сваю чаргу Прэм'ер-міністр Чарнагорыі падарыў Святому Айцу дзве кнігі: сваю, нядаўна апублікаваную, а таксама копію першага друкаванага выдання на Балканах, якое датуецца 1494 годам.
Пасля размовы з Францішкам Прэм'ер-міністр Чарнагорыі сустрэўся з Дзяржсакратаром П'етра Паралінам і Сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.