Пошук

Францішак: смутак можа стаць сігналам для перамены жыцця

Распазнаванню сэнсу духоўнай спустошанасці прысвяціў катэхезу Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 26 кастрычніка 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак спаслаўся на Духоўныя практыкаванні святога Ігнацыя Лаёлы, які акрэсліваў спустошанасць як “цемру ў душы, яе хваляванне, цягу да рэчаў нізкіх і зямных, неспакой з прычыны розных спакус і напасцяў, якія падштурхоўваюць да недаверу, згубы надзеі і любові; калі душа бачыць сябе цалкам лянівай, абыякавай, засмучанай і як быццам адлучанай ад свайго Творцы і Пана”.

“Я думаю, што кожны з нас тым ці іншым чынам перажываў спустошанасць. Праблема заключаецца ў тым, як яе разумець, бо таксама і спустошанасць можа сказаць нам нешта важнае, а калі мы спяшаемся ад яе пазбавіцца, рызыкуем згубіць гэту магчымасць”, - зазначыў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што “ніхто не хацеў бы быць спустошаным ці сумным”. “Усе мы хочам жыцця, заўсёды радаснага, шчаслівага і напоўненага. Але гэта не толькі немагчыма, але таксама і было б нядобра для нас. Насамрэч, змена жыцця, арыентаванага на заганы, можа пачацца з сітуацыі смутку, раскаяння за тое, што было зроблена”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы, што слова “згрызоты” літаральна азначае, што сумленне “грызе”, не дае спакою.

Францішак адзначыў важнасць разумення сэнсу смутку. У наш час ён у асноўным разглядаецца негатыўна, як зло, якога трэба пазбягаць любой цаной, але на самай справе смутак можа стаць незаменным трывожным званочкам для жыцця, заахвочваючы нас “даследаваць больш багатыя і плённыя прасторы, што не дазваляюць зрабіць мімалётнасць і ўхіленне”.

Папа нагадаў, што святы Тамаш Аквінскі называў смутак “болем душы”: “як нервы ў целе, ён абуджае ўвагу перад абліччам магчымай небяспекі або занядбанага дабра”. “Па гэтай прычыне ён неабходны для нашага здароўя, ён абараняе нас, каб не зрабілі зла сябе і іншым. Значна больш сур’ёзна і небяспечна было б не заўважаць гэтага пачуцця”, - сказаў Святы Айцец.

“Для тых, хто мае жаданне чыніць дабро, смутак з’яўляецца перашкодай, з дапамогай якой спакусіцель жадае знеахвоціць нас. У такім выпадку трэба дзейнічаць супрацьлегла таму, што ён прапануе, і рашуча працягваць рабіць задуманае. Давайце падумаем пра працу, вучобу, малітву, узяты на сябе абавязак: калі пакінем іх, як толькі адчуем нуду ці сум, мы іх ніколі не давядзем да канца”, - зазначыў Пантыфік, дадаючы, што гэта тычыцца таксама і сферы духоўнага жыцця.

“Шлях да дабра, нагадвае Евангелле, вузкі і цяжкі, ён патрабуе барацьбы, перамогі над самім сабой. Я пачынаю маліцца, ці прысвячаю сябе добрай справе, і, як ні дзіўна, менавіта ў гэты момант мне прыходзяць на думку справы, якія павінен зрабіць неадкладна. Тым, хто хоча служыць Пану, важна не паддавацца спусташэнню. На жаль, некаторыя вырашаюць адмовіцца ад малітоўнага жыцця ці зробленага выбару, ад сужэнства ці манаства, паддаючыся спусташэнню, не спрабуючы зразумець сэнс гэтага духоўнага стану, і асабліва без духоўнага кіраўніцтва. Мудрае правіла кажа не рабіць перамен у стане духоўнай спустошанасці. Час, а не хвілінны настрой, паказвае ці быў добрым наш выбар”, - сказаў Францішак.

Пантыфік адзначыў, што ў Евангеллі Езус з рашучасцю адхіляў спакусы. “Выпрабаванні прыходзілі да Яго з розных бакоў, але заўсёды, сустракаючы з Яго рашучасцю, гатоўнасцю спаўняць волю Айца, знікалі і пераставалі перашкаджаць шляху”, - дадаў Папа, падкрэсліваючы, што выпрабаванне ў духоўным жыцці – гэта важны момант, а калі хочам служыць Пану, трэба быць гатовымі да спакусаў і момантаў смутку.

“Калі здолеем прайсці праз самотнасць і спусташэнне з адкрытасцю і свядомасцю, можам выйсці з іх умацаванымі з чалавечага і духоўнага пункту гледжання”, - сказаў ён, нагадваючы, што выпрабаванні ніколі не бываюць большымі за сілы чалавека, таму што Пан ніколі нас не пакідае і дапамагае перамагчы ўсе спакусы.

“І калі не пераможам сёння, устанем яшчэ раз, працягнем шлях і пераможам заўтра. Але не заставайцеся памерлымі – скажам так – не заставайцеся пераможанымі хвілінамі смутку і спусташэння: працягвайце ісці наперад. Няхай Пан благаславіць вас на гэтым шляху духоўнага жыцця, які заўсёды з’яўляецца пілігрымаваннем”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

26 кастрычніка 2022, 10:43

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >