Францішак: вайна – самая відавочная прыкмета бесчалавечнасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Выданне паўстала на аснове вялікага інтэрв’ю Святога Айца аргентынскаму журналісту Эрнану Рэесу Алькайдэ. Яно было падрыхтавана ў выдавецтве Piemme і з’явіцца на паліцах італьянскіх кнігарняў 18 кастрычніка 2022 года. Кніга прысвечана тэме вайны.
Цяжка паверыць, што за дзве тысячы гадоў “свет не атрымаў урокаў з варварства, якое пануе ў канфліктах паміж братамі, суайчыннікамі і краінамі”, - заўважыў Францішак, дадаючы, што “вайна – гэта самая відавочная прыкмета бесчалавечнасці”.
Пантыфік нагадаў, што ў сваім навучанні Касцёл не шкадаваў слоў асуджэння жорсткасці вайны, а ў ХІХ і ХХ стагоддзях Папы называлі яе “бічом”, які ніколі не можа прывесці да вырашэння праблем паміж народамі, а таксама “бессэнсоўнай бойняй”, у якой “можна страціць усё” і якая ў канчатковым выніку заўсёды з’яўляецца “паразай чалавецтва”. “Сёння, калі я прашу ў імя Бога пакласці канец жорсткаму вар’яцтву вайны, я таксама лічу яе працяг сярод нас сапраўдным правалам палітыкі”, - дадаў Францішак.
“Падзеі першых двух дзесяцігоддзяў гэтага стагоддзя прымушаюць адназначна сцвярджаць, што няма сітуацыі, у якой вайну можна было б лічыць справядлівай. Не павінна быць месца ваеннаму варварству, нават тады, калі канфлікт набывае адно з найбольш злачынных абліччаў: так званай прэвентыўнай вайны. Найноўшая гісторыя дала нам прыклады “маніпуляваных войнаў”, у якіх ствараліся ілжывыя падставы і фальсіфікаваліся доказы, каб апраўдаць напады на іншыя краіны. Таму я прашу палітычныя ўлады спыніць войны, якія працягваюцца, не маніпуляваць інфармацыяй і не падманваць свае народы, каб дасягнуць мэтаў вайны”, - заклікаў Папа.
Францішак рашуча падкрэсліў, што “вайна ніколі не можа быць апраўдана”: яна не можа стаць рашэннем, бо разбурэнні ад выкарыстання сучаснай зброі могуць быць нашмат большымі за меркаваную карысць, якую плануецца атрымаць з яе дапамогай. “Вайна таксама з’яўляецца неэфектыўным рашэннем: яна ніколі не вырашае праблем, якія мае намер пераадолець. Можа, у Емене, Лівіі ці Сірыі, прыводзячы некалькі сучасных прыкладаў, справы ідуць лепш, чым да канфліктаў?”, - рытарычна спытаў Святы Айцец, дадаючы, што сучасныя ўзброеныя канфлікты ўказваюць на “адсутнасць калектыўнай памяці” пра мінулыя трагедыі.
“Я бачу супярэчнасць у тых, хто сцвярджае, што бароніць хрысціянскія карані, але затым распальвае ваенныя канфлікты, як спосаб дасягнення сваіх інтарэсаў. Не! Добры палітык павінен імкнуцца да міру; добры хрысціянін заўсёды павінен выбіраць шлях дыялогу!”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы таксама спыніць вытворчасць і гандль зброяй, назваўшы вялізарныя выдаткі на ўзбраенні “адным з самых цяжкіх маральных скандалаў сучаснай эпохі”, асабліва ў кантэксце пандэміі, беднасці і экалагічнага крызісу.
Папа ўказаў на неабходнасць рэфармавання ААН, у прыватнасці Рады Бяспекі. Вайна ва Украіне выразна паказала неабходнасць “больш гнуткіх і эфектыўных спосабаў вырашэння канфліктаў”. На яго думку, пандэмія і вайна прадэманстравалі “абмежаванасць мультылатэральнай сістэмы, якая існуе”. ААН у тым выглядзе, у якім яна функцыянавала з моманту свайго заснавання, “больш не адпавядае новым рэаліям”, сцвердзіў Святы Айцец, адзначаючы неабходнасць структурных рэформ, каб “міжнародныя арганізацыі вярнуліся да свайго першапачатковага паклікання – служыць чалавечай сям’і, клапаціцца пра супольны дом і абараняць мір і жыццё кожнага чалавека”.