Пошук

Сустрэча з дэлегацыяй Папскага інстытута замежных місій Сустрэча з дэлегацыяй Папскага інстытута замежных місій 

Францішак журналістам: захоўваць увагу да перыферый

Францішак прыняў на аўдыенцыі калектыў часопіса Mondo e Missione, які ўжо на працягу 150 гадоў выдаецца Папскім інстытутам замежных місій – мужчынскай манаскай місіянерскай кангрэгацыяй.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа падкрэсліў, што часопіс узнік, каб адказаць на патрэбу Божага народа: многія хацелі чытаць пра гісторыі місіянераў, адчуваць сябе блізкім да іх і іх дзейнасці, суправаджаць іх малітвай. Яны таксама хацелі знаёміцца з новымі краінамі і культурамі, убачыць іх з хрысціянскага пункту гледжання, паважлівага і ўважлівага да “зерняў” праўды і дабра, раскінутых па свеце.

Святы Айцец заўважыў, што заснавальнікі часопіса зразумелі каштоўнасць камунікацыі для місійнай дзейнасці, у першую чаргу для самаго Касцёла, каб ён быў цалкам уключаным у місіянерства і евангелізацыю. “Ад самага пачатку часопіс быў носьбітам шырокага позірку, адкрытага на багацці кожнага народа і кожнага мясцовага Касцёла”, - дадаў Папа, падкрэсліваючы, што гэта пакліканне застаецца актуальным сёння для прыняцця духа і навучання Другога Ватыканскага Сабора адносна місіі ad gentes.

Францішак адзначыў важнасць рэпартажаў і непасрэдных сведчанняў з геаграфічных і экзістэнцыяльных перыферый. “Таксама і сёння застаецца выклік: ісці менавіта туды, каб знаёміць з прыгажосцю і багаццем адметнасцей, але таксама са шматлікімі памылкамі і несправядлівасцю грамадстваў, усё больш і больш узаемазвязаных, а ў той жа час, пазначаных цяжкімі формамі няроўнасці”, - дадаў ён.

Папа заклікаў калектыў выдання быць голасам тых, хто не мае голасу, распавядаючы пра свет з перспектывы людзей, якія не маюць права на слова ці застаюцца непачутымі, з перспектывы самых бедных, меншасцей, якія падвяргаюцца прыгнёту, ахвяр забытых войнаў.

"Сёння мы ўсе справядліва занепакоены вайной тут, ля дзвярэй Еўропы і ў самой Еўропе, але войны ідуць ужо доўгі час: больш дзесяці гадоў у Сірыі; падумам пра Емен, пра М'янму, пра Афрыку. Але яны не затрымліваюцца ў памяці, бо не з'яўляюцца часткай культурнай Еўропы. Забыццё пра войны – гэта грэх", - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік заахвоціў журналістаў нагадваць хрысціянскім супольнасцям пра важнасць місійнасці, выйсця насустрач іншым людзям са словам Езуса, а таксама дыялогу і сяброўства з вызнаўцамі іншых рэлігій. Ён заклікаў даваць слова маладым Касцёлам, якія, будучы паслухмянымі Святому Духу, каталіцкае СМІ паклікана быць голасам надзеі, якую сустрэча з Хрыстом сее ў жыцці людзей і народаў, “казаць усім, што лепшы свет магчымы, калі, наследуючы Езуса, навучымся працягваць руку кожнаму брату і сястры”.
 

13 кастрычніка 2022, 12:30