Папа звярнуўся да ўдзельнікаў Сусветнага харчовага форума
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“У гэты перыяд узаемазвязаных крызісаў пасланне Хрыста, нават для няверуючых, мабілізуе нас не проста даваць ежу, але аддаваць сябе служэнню іншым, прызнаючы і гарантуючы цэнтральнае месца чалавечай асобе”, - напісаў Францішак. На яго думку, гэта ўсё можа быць рэалізавана толькі тады, калі чалавецтва “вернецца да веры ў братэрства і салідарнасць, якія павінны натхняць адносіны паміж людзьмі і паміж народамі”.
Пантыфік нагадаў удзельнікам форума, што ежа – гэта складальнік “сакральнасці” чалавечай асобы і таму яе “не можа разглядацца проста як тавар”: харчовыя прадукты – “гэта канкрэтныя знакі дабрыні Створцы і плады зямлі”. Ён нагадаў, што сам Хрыстус у Эўхарыстыі “зрабіў сябе жывым Хлебам для жыцця свету”.
Павага да ежы “і наданне ёй першачарговага месца ў жыцці чалавека”, патлумачыў Францішак, стане магчымай толькі тады, калі мы будзем не толькі клапаціцца аб “яе вытворчасці, даступнасці і доступе”, але і ўсвядомім сабе, "што яна – дар Божы, а мы – толькі яе адміністратары”.
Святы Айцец даверыў Богу вынікі сустрэчы, спадзеючыся, што яна паспрыяе “ініцыятывам і рашэнням, накіраваным на ўклад у дабро і будучыню ўсяго чалавецтва”.
Аанаўскае мерапрыемства ўключыць тры падзеі: Глабальны моладзевы форум (Global Youth Forum), Навуковы і інавацыйны форум ФАО (Fao Science and Innovation Forum) і Інвестыцыйны форум ФАО (Fao Hand-in-Hand Investment Forum). Арганізатары спадзяюцца выпрацаваць смелыя і дзейсныя рашэнні для трансфармацыі сённяшніх аграхарчовых сістэм у кантэксце сучасных праблем і крызісаў. І ўсё гэта – праз супрацоўніцтва паміж пакаленнямі і іх аб'яднаную вынаходлівасць у навуцы, тэхналогіях і інавацыях, а таксама праз інвестыцыі ў ключавыя сектары харчавання і сельскай гаспадаркі.