Прадмова Папы да кнігі Брук: пробліскі святла ў безданях Шоа
Марыя Bалодзіна – Vatican News
Святы Айцец напісаў, што яго глыбока ўразілі словы Эдзіт Брук у інтэрв'ю газеце L’Osservatore Romano. "Я быў уражаны спакойнай, светлай сілай гэтай жанчыны. Ёй удалося знайсці ў сваім жыцці і затым перадаць у літаратурных творах “пробліскі святла” у адной з самых змрочных безданей у гісторыі чалавецтва. Я адклаў газету і патэлефанаваў яе дырэктару Андрэа Мондзе, папрасіўшы арганізаваць мне знаёмства і, па магчымасці, сустрэчу са спадарыняй Брук”, - прызнаўся Францішак.
Гутарка Святога Айца з пісьменніцай адбылася праз месяц у яе доме ў цэнтры Рыма. “Сустрэча была хвалюючай для нас абодвух, – напісаў Папа. – Пра гэтыя пачуцці спадарыня Брук пажадала цяпер расказаць у кнізе, паспрабаваўшы абагульніць вопыт, вельмі няпросты для перадачы".
Пантыфік падзяліўся падрабязнасцямі візіту да пісьменніцы: “Я выйшаў з ліфта, а яна сустракала мяне ў пярэднім пакоі моўчкі, таму што ад хвалявання практычна не магла сказаць ні слова: скрозь слёзы, якія перапаўнялі яе, яна падзякавала мне за візіт, а я ў сваю чаргу падзякаваў ёй за сведчанне на працягу апошніх гадоў, лепш сказаць, за сведчанне, якім была і ёсць яна сама. Жывая памяць: вось хто стаяў перада мной у абліччы вытанчанай, далікатнай дзевяностагадовай жанчыны, надзеленай такой сілай, што дазваляла ёй плакаць пры сустрэчы, не супраціўляючыся дару слёз, – я сузіраў жывую памяць, якая стала чалавекам”.
Эдзіт Брук прымала Папу ў гасцінай у прысутнасці блізкіх сваякоў. Гутарка была доўгай. Размаўлялі пра “пробліскі святла”, якія ёй удаецца адлюстроўваць у сваіх кнігах. Пісьменніца гаварыла таксама і аб жыцці пажылых людзей, аб адносінах з мужам Нэла Рызі, які доўга хварэў на Альцгеймер, размаўлялі пра кіно, – як быццам гэта была звычайная размова ў сямейным і сяброўскім коле.
Пасля гэтай сустрэчы былі іншыя, у асноўным з нагоды публічных мерапрыемстваў, а ў студзені 2022 года ў Дзень памяці ахвяр Халакосту спадарыня Брук пабывала на ранішняй Імшы ў Ватыкане. Да таго часу, напісаў Францішак, шмат што змянілася, змянілася сітуацыя ў свеце, “павеяла вятрамі вайны”, у тым ліку і ў Еўропе. Эдзіт Брук прыйшла да Папы са сваёй хатняй памочніцай Вольгай, украінкай, у размове з якой непазбежна закраналіся апошнія падзеі. “Як важна, каб памяць не была страчаная! – падкрэсліў Святы Айцец. – Як патрэбныя людзі, якія толькі фактам свайго жыцця захоўваюць жывую памяць, падтрымліваюць яе полымя!”
“Надзея заўсёды ўваскрасае і здзіўляе. Гэтая малодшая сястра цягне за рукі дзвюх старэйшых – веру і любоў”, – напісаў Папа, распавядаючы пра свежы хлеб, які яму прынеслі Эдзіт Брук і Вольга. Ён нагадаў пра “згублены хлеб” з адной з кніг пісьменніцы. “І вось гэты хлеб не страчаны, мы зноў трымалі яго ў руках. Мы пераламалі яго і трохі паелі. Такі просты чалавечы жэст, нібы малітва”. Магчыма, адзначыў Святы Айцец, менавіта так можна распачаць усё спачатку, ізноў выправіцца ў шлях, робячы нешта разам, быць можа, нешта зусім простае, як ежа.
“Чалавецтва – гэта нешта тонкае і крохкае, заўсёды гатовае пераламацца, сапсавацца, дэгенераваць, – напісаў далей Папа. – Але часам мы сустракаем такіх людзей, як спадарыня Эдзіт: яны паказваюць, што чалавек валодае неверагоднымі рэсурсамі, сілай, якая зыходзіць невядома адкуль, якая пераўзыходзіць любую варожасць і дазваляе заставацца людзьмі”.
“Кніга, якую вы трымаеце ў руках, – зазначыў у прадмове Францішак, – гэта спроба расказаць пра сустрэчу, якая надала мне столькі сіл і надзеі, такое пачуццё падзякі і даверу, што, я перакананы, яно перадасца і тым, хто вырашыць яе прачытаць, прынамсі я гэтага вам жадаю”.