Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: больш годнасці працы маракоў

Францішак даслаў прывітальны ліст удзельнікам 25-га Сусветнага кангрэса Stella Maris, які праходзіць ў шатландскім Глазга з 2 па 5 кастрычніка 2022 года.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Пантыфік выказаў спадзяванне, што прадстаўнікі каталіцкай душпастырскай службы маракоў, якія сустрэліся ўпершыню пасля пандэміі каронавіруса, змогуць добра адсвяткаваць сотую гадавіну заснавання арганізацыі. Stella Maris была створана 4 кастрычніка 1920 года менавіта ў тым горадзе, дзе цяпер праходзіць кангрэс. Другой нагодай для святкавання з’яўляецца 25-я гадавіна Апостальскага ліста Святога Яна Паўла II Stella Maris, у якім былі абноўлены нормы апостальскага служэння арганізацыі, каб лепш адпавядала патрэбам сённяшняй марской супольнасці.

Папа падзякаваў капеланам і валанцёрам душпастырскай службы “за сведчанне веры і незлічоныя справы дабрыні і міласэрнасці”, здзейсненыя за апошняе стагоддзе для маракоў і рыбакоў. Святы Айцец нагадаў, што Stella Maris “аказвае духоўную, псіхалагічную і матэрыяльную дапамогу, на караблях і на сушы, мірыядам маракоў розных нацыянальнасцяў і рэлігійных традыцый”.

Каля 90% грузаў у свеце перавозіцца караблямі. У марскім сектары працуюць паўтара мільёна чалавек, якія жывуць далёка ад сваіх сем’яў і супольнасцяў, сутыкаючыся з наступствамі дэградацыяй навакольнага асяроддзя, якое ставіць пад пагрозу іх моцна падарваную пандэміяй годнасць. Апроч таго, шкода марскому асяроддзю наносіць удар па найбяднейшых мараках і рыбаках, чые сродкі да існавання знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

На прыканцы ліста Папа блаславіў працу Stella Maris і заклікаў яе і надалей надаваць вялікую ўвагу гэтым тэмам і ўмовам жыцця найбольш уразлівых маракоў.
 

03 кастрычніка 2022, 12:49