Францішак: каталіцкія настаўнікі пакліканы быць сведкамі веры
Марыя Валодзіна – Vatican News
Звяртаючыся да гасцей, Святы Айцец адзначыў, што нягледзячы на цяжкасці апошніх гадоў, Сусветны саюз “працягвае дзейнічаць у духу хрысціянскай веры і надзеі”, спадзеючыся на Бога і на падтрымку Касцёла. Непазбежнае абнаўленне арганізацыі, звязанае са зменай пакаленняў, патрабуе пазітыўнага стаўлення да рэальнасці, падкрэсліў Папа: кожная змена эпохі азначае новую місію.
Святы Айцец назваў каталіцкіх настаўнікаў “супрацоўнікамі Папы”, бо яго місія заключаецца менавіта ў тым, каб умацоўваць і падтрымліваць братоў і сясцёр у веры (Лк 22:32). На думку Пантыфіка, прысутнасць хрысціянскіх педагогаў у школьных супольнасцях жыццёва важная. Іх “стыль” таксама мае вырашальнае значэнне: хрысціянскія педагогі закліканы быць адначасова і цалкам чалавечнымі, і цалкам хрысціянскімі. Яны павінны быць укаранёнымі ў свой час і культуру. Важна, каб на асабістым узроўні яны былі знаходлівымі, адкрытымі і здольнымі ўсталёўваць адносіны са студэнтамі, разумець іх найглыбейшыя патрэбы, пытанні, страхі і мары. Таксама важна, каб яны былі здольныя сведчыць – перш за ўсё сваім жыццём, але таксама і словамі, – што хрысціянская вера ахоплівае ўвесь чалавечы досвед, што яна нясе святло і праўду ва ўсе сферы існавання, нічога не выключаючы, не падразаючы крылы марам маладых людзей, не збядняючы іх памкненні. Для Касцёла выхаванне моладзі заўсёды было накіравана на цэласнае развіццё кожнай чалавечай асобы ва ўсіх яе вымярэннях, - падкрэсліў Святы Айцец.
Супрацоўнікі Сусветнага саюза каталіцкіх настаўнікаў, падкрэсліў Францішак, павінны “падтрымліваць настаўнікаў усіх узростаў і ў любых умовах іх служэння”, каб тыя суправаджалі дзяцей з мудрасцю і павагай на шляхах міру і жыцця, адкрываючы ім ісціну, прыгажосць і дабро. Настаўнікі нясуць вялікую адказнасць перад дзяцьмі, падлеткамі і моладдзю, могуць змяніць іх жыццё ў лепшы ці горшы бок. “Усе мы ведаем з асабістага досведу, як важна мець добрых настаўнікаў і мудрых выхавальнікаў у гады нашага станаўлення!” - падкрэсліў Святы Айцец.
Мноства прафесій патрабуюць пастаяннага прафесійнага развіцця, але прафесія выкладчыка ўнікальная таму, што мае справу не з аб'ектамі, а з суб'ектамі. Адукатары працуюць з чалавечымі істотамі, прычым на ранняй стадыі іх развіцця. Дзеці мяняюцца з году ў год, а часам і з месяца ў месяц. Больш таго, адзначыў Папа, моладзь аднаго пакалення адрозніваецца ад моладзі наступнага, таму педагогі павінны пастаянна абнаўляць метады працы і знаходзіць “эфектыўныя спосабы перадачы радасці пазнання і імкнення да ісціны, выкарыстоўваючы мовы і культурныя формы, прыдатныя для сучаснай моладзі”.
Святы Айцец заклікаў членаў Сусветнага саюза каталіцкіх настаўнікаў прыцягваць настаўнікаў-католікоў да ўдзелу ў Глабальным адукацыйным пакце, які “імкнецца паставіць у цэнтр увагі чалавека з яго годнасцю і прыгажосцю”.
Напрыканцы аўдыенцыі Папа ўдзяліў каталіцкім педагогам апостальскае благаслаўленне і даверыў Багародзіцы іх каштоўнае служэнне.
Сусветны саюз каталіцкіх настаўнікаў (WUCT) уяўляе сабой прафесійную сетку каталіцкіх выкладчыкаў, якія працуюць як у каталіцкіх школах, так і ў міжканфесійных або свецкіх навучальных установах. Яго мэта – заахвочваць і матываваць настаўнікаў, каб яны цалкам усведамлялі сваю важную місію выхавальнікаў і сведкаў веры.