Пошук

Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: толькі пошук дыялогу пераможа тыранію падзелаў

Папу непакоіць рост палярызацыі і экстрэмізму, якія перашкаджаюць аб'яднанню і будаванню агульнага “мы”, - аб гэтым ён напісаў у пасланні да суайчыннікаў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Існуюць не толькі выкапаныя бульдозерамі траншэі, якія ўздымаюць бар’ер супраць ворага і з якіх спадзяюцца вырвацца салдаты, але таксама і “ідэалагічныя” траншэі, якія распальваюць “палярызацыю і экстрэмізм, перашкаджаюць нам аб'ядноўвацца і будаваць агульнае “мы”, - гаворыцца ў пасланні Францішка да ўдзельнікаў Дзён сацыяльнага душпастырства, арганізаваных архідыяцэзіяй Буэнас-Айрэса. Мерапрыемства адзначае ў гэтым годзе 25-гадовы юбілей і праходзіць пад дэвізам “Нацыя як супольнасць лёсу”.

У сваім пасланні Пантыфік прывітаў удзельнікаў сустрэчы, якая праходзіць у час, абцяжараны адыходзячай у мінулае пандэміяй, ядзернай пагрозай і сістэмнымі крызісамі: ад міграцыйнага да экалагічнага. Ён заклікаў дзейнічаць з “творчай увагай” да праблем і, перш за ўсё, з вялікай увагай да чалавека. Па яго словах, кідаецца ў вочы эрозія “пачуцця прыналежнасці, здольнага разбурыць тыранію падзелу і сутыкнення, каб зрабіць магчымым пошук агульнага дабра, якое нашмат большае, чым сума індывідуальных выгод”.

Калі палярызацыя, адзначыў Святы Айцец, “раз'ядае любыя спробы пошуку рашэння”, ствараючы “толькі дыскамфорт і нявер'е”, “вельмі важна аднавіць нашу здольнасць да дыялогу, гэта значыць наблізіцца, пачуць і пазнаць адзін аднаго, каб знайсці агульныя падыходы”, якія дапамогуць нам пераадолець бар’еры. Каб дапамагчы адзін аднаму, “мы павінны весці дыялог”, развіваючы “культуру сустрэчы”. Гаворка ідзе пра “лад жыцця, культуры і грамадзянства, які дазваляе стварыць той шматграннік, які мае шмат аспектаў, не губляючы свайго адзінства”. Напрыканцы паслання Папа падкрэсліў, што намаганні ў гэтым кірунку павінны рабіцца не ў адзіночку, а ўсім Касцёлам з яго гісторыяй “надзеі, паўсядзённай барацьбы, знясільваючага служэння, пастаянства ў працы, якая стамляе, таму што любая праца – гэта пот з ілба”.

16 лістапада 2022, 11:00