Папа да істэблішменту Бахрэйна: я прыбыў як сейбіт міра
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік пачаў Апостальскае падарожжа ў Каралеўства Бахрэйн сустрэчай з істэблішментам краіны. Ён заўважыў, што ў Бахрэйне, дзе марскія воды акружаюць пяскі пустыні, а высачэзныя хмарачосы суседнічаюць з традыцыйнымі ўсходнімі кірмашамі, сустракаюцца не толькі старажытнасць і сучаснасць, гісторыя і прагрэс, але таксама і людзі рознага паходжання, ствараючы непаўторную мазаіку жыцця.
Папа спаслаўся на знакамітае бахрэйнскае Дрэва жыцця – амаль 10-мятровую і 400-гадовую акацыю, якая расце пасярод пустыні, чэрпаючы доўгімі каранямі ваду глыбока пад зямлёй. У сувязі з гэтым ён нагадаў, што Каралеўства Бахрэйн мае вельмі доўгую гісторыю, спрадвеку будучы месцам сустрэчы розных народаў.
“Вось жыццядайная вада, якую яшчэ сёння чэрпаюць карані Бахрэйна: яго самае вялікае багацце ззяе ў этнічнай, культурнай разнастайнасці, мірным суіснаванні і традыцыйнай гасціннасці да народаў”, - сказаў Пантыфік, адзначаючы важнасць захавання гэтай спадчыны, а таксама сведчання магчымасці мірнага суіснавання ў актуальным кантэксце, пазначаным пашырэннем абыякавасці і ўзаемнай падазронасці, розных форм папулізму, экстрэмізму і імперыялізму, якія ставяць пад пагрозу бяспеку ўсіх.
“Замест гэтага давайце памятаць пра Дрэва жыцця і на засушлівых пустынях чалавечага суіснавання будзем раздаваць ваду братэрства: давайце не дазволім выпарыцца магчымасці сустрэчы паміж цывілізацыямі, рэлігіямі і культурамі, давайце не дазволім высахнуць караням чалавецтва!”, - заклікаў Святы Айцец, падкрэсліваючы, што прыбыў у Бахрэйн як сейбіт міра, а таксама выказваючы падзякаваў уладам краіны за прасоўванне тэмы ўзаемнай павагі, талерантнасці і рэлігійнай свабоды.
Пантыфік пажадаў, каб свабода веравызнання не абмяжоўвалася свабодай культу, людзі не падвяргаліся дыскрымінацыі, а іх правы заўсёды паважаліся. “Я думаю ў першую чаргу пра права на жыццё, пра патрэбу гарантаваць яго заўсёды, таксама і тым, хто падвяргаецца пакаранню, жыццё якіх не можа быць знішчана”, - дадаў Францішак.
Спасылаючыся на сімвалізм Дрэва жыцця, якое мае вялікія галіны, Папа заўважыў, што развіццю Бахрэйна паспрыялі мігранты – людзі розных нацыянальнасцей. Ён нагадаў, што ў гэтай краіне каля паловы насельніцтва – замежнікі, якія працуюць дзеля развіцця краіны, у якой адчуваюць сябе дома. У гэтым кантэксце Святы Айцец адзначыў важнасць гарантавання годнай і бяспечнай працы, якая з’яўляецца неад’емнай для цэласнага развіцця асобы і фармавання грамадства, годнага чалавека.
Папа заўважыў, што Дрэва жыцця пасярод пустыні нагадвае пра неабходнасць клапатлівых адносін да навакольнага асяроддзя, а яго лісце, якое дае кісларод – пра пакліканне кожнага чалавека ствараць жыццё вакол сябе.
“Але сёння мы назіраем, з кожным днём усё больш і больш смяротных дзеянняў і пагроз. Я маю на ўвазе, у прыватнасці, жахлівую і бессэнсоўную рэчаіснасць вайны, якая паўсюль сее разбурэнне і вынішчае надзею. На вайне выяўляецца найгоршы бок чалавека: эгаізм, гвалт і хлусня. Так, таму што вайна, кожная вайна, таксама азначае смерць праўды. Давайце адмовімся ад логікі зброі і зменім курс, ператвараючы велізарныя ваенныя выдаткі ў інвестыцыі для барацьбы з голадам, недахопам медыцынскіх паслуг і адукацыі. Я мяне баліць сэрца ад столькіх канфліктных сітуацый”, - сказаў Францішак.
Пантыфік скіраваў свае думкі да “Емена, што пакутуе ад забытай вайны, якая, як і любая вайна, не вядзе да перамогі, а толькі да горкіх паражэнняў для ўсіх”. “Перш за ўсё, я нашу ў малітве мірных грамадзян, дзяцей, старых, хворых і заклікаю: няхай змоўкне зброя, давайце паўсюль і па-сапраўднаму будзем працаваць дзеля міру!”, - сказаў Папа, дадаючы, што знаходзіцца ў Бахрэйне “як вернік, як хрысціянін, як чалавек і пілігрым міру, бо сёння мы як ніколі пакліканы, паўсюль прыкладаць сур’ёзныя намаганні на карысць міру”.