Пошук

Эбе дэ Банафіні Эбе дэ Банафіні  

Францішак спачувае ў сувязі са смерцю Эбе дэ Банафіні

Францішак аддаў даніну павагі Эбе дэ Банафіні, заснавальніцы арганізацыі “Маці плошчы Майя”. Аргентынская актывістка памерла 20 лістапада 2022 года ва ўзросце 93 гадоў.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У сваім лісце Пантыфік узгадаў “смеласць і адвагу” Эбе дэ Банафіні, яе “здольнасць ператварыць боль страты ў нястомны пошук абароны правоў самых маргіналізаваных і нябачных”.

У лісце на іспанскай мове Святы Айцец выказаў глыбокія спачуванні ўдзельніцам грамадскага руху, якія цягам 45 гадоў выходзяць на вуліцы Буэнас-Айрэса, каб заклікаць да справядлівасці і правасуддзя ў дачыненні да сваіх дзяцей, бясследна зніклых у час ваеннай дыктатуры ў Аргенціне. Папа заклікаў іх працягваць справу Эбе дэ Банафіні.

“У гэты момант смутку, - гаворыцца ў лісце, - я хачу быць побач з вамі і з усімі тымі, хто аплаквае яе сыход".

Папа ўзгадаў сустрэчу з Эбе дэ Банафіні ў Доме святой Марты 28 мая 2016 года, адзначыўшы, што яму асабліва запомнілася “яе гарачае жаданне даць голас тым, у каго яго няма”.

Двухгадзінная гутарка была адзначана слязьмі, абменам думкамі, успамінамі, а таксама просьбай аб прабачэнні: Эбе дэ Банафіні, якая ў мінулым востра крытыкавала Папу, прызналася, што памылялася, і папрасіла аб прабачэнні. Францішак не толькі прыняў прабачэнні, але і схіліўся перад глыбокім смуткам маці, якая бачыла, як яе дзеці – Хорхе Амар і Рауль Альфрэда – зніклі ў нябыт, як і многія іншыя дысідэнты аргентынскага рэжыму.

“Яе смеласць і адвага ў часы, калі панавала маўчанне, абуджалі і затым падтрымлівалі пошук ісціны, памяці і справядлівасці”, - напісаў Францішак. “Пошук, дзеля якога яна кожны тыдзень выходзіла на марш”, каб у грамадстве і гісторыі не панавала забыццё, каб абавязацельства клапаціцца адзін пра аднаго было лепшым “проціяддзем ад перанесеных жорсткіх злачынстваў”.

Эбе дэ Банафіні не прапусціла ніводнага маршу памяці. У агульнай складанасці яна прыняла ўдзел у 2036 дэманстрацыях, першая з якіх адбылася 30 красавіка 1977 года вакол піраміды Майя. Яна заўсёды прыходзіла на маршы ў белай хустцы, якая стала сімвалам яе арганізацыі. Паплечніцы адзначылі яе смерць вялікім малюнкам хусткі на тратуары Буэнас-Айрэса.

“Прыйшоў час яе апошняга маршу, і мы суправаджаем яе малітвай, каб Пан дараваў ёй вечны супакой”, - піша Святы Айцец. Тым, хто працягвае яе барацьбу, ён параіў “не дапускаць, каб усё добрае, што было зроблена, было страчана”.

У Аргенціне ў сувязі са смерцю Эбе дэ Банафіні абвешчана трохдзённая жалоба.

22 лістапада 2022, 10:55