Пантыфік сустрэўся з главой Асірыйскай Царквы Усходу
Марыя Валодзіна – Vatican News
19 лістапада 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі Каталікоса-патрыярха Асірыйскай Царквы Усходу Мар Аву III. У сваёй прамове Святы Айцец падзякаваў высокаму госцю за сувязі паміж Касцёлам і Асірыйскай Царквой Усходу, якія спрыяюць крокам да адзінства, і заахвоціў да сустрэч у сумесным праслаўленні Бога.
Францішак нагадаў аб шматлікіх сустрэчах іерархаў, дэкларацыях дактрынальнага і сацыяльнага характару, працы Змешанай тэалагічнай камісіі, а таксама аб сваім візіце ў Ірак у сакавіку 2021 года.
“Сустрэчы і дыялог, з Божай дапамогай, прынеслі добрыя плады; яны садзейнічалі развіццю душпастырскага супрацоўніцтва на карысць нашых верных, пастырскага экуменізму, які з'яўляецца натуральным шляхам да поўнага адзінства", - сказаў Святы Айцец. Важна, каб на экуменічным шляху мы ўсё больш збліжаліся, не толькі вяртаючыся да нашых агульных каранёў, але і разам абвяшчаючы сённяшняму свету – сведчаннем і словамі жыцця – таямніцу любові Хрыста і Яго Касцёла”.
Святы Айцец адзначыў, што Асірыйская Царква Усходу падзяляе з Халдэйскай Каталіцкай Царквой яркую гісторыю веры і місіі, узорнае жыццё вялікіх святых, багатую тэалагічную і літургічную спадчыну і, асабліва ў апошнія гады, велізарныя пакуты і сведчанне шматлікіх пакутнікаў. На жаль, на Блізкім Усходзе ўсё яшчэ шмат гвалту і нестабільнасці, многія хрысціяне вымушаныя пакідаць свае землі або змагацца за магчымасць застацца, нагадаў Папа, падкрэсліўшы выключную важнасць права на свабоду веравызнання і паўнапраўнае грамадзянства.
"У гэтым кантэксце духавенства і вернікі нашых цэркваў імкнуцца прапанаваць супольнае сведчанне Евангелля Хрыста ў складаных умовах і ўжо жывуць у амаль поўным адзінстве ў многіх месцах,”– адзначыў Францішак, дадаўшы, што агульнае сведчанне з'яўляецца заклікам да малітвы і руплівай працы, каб падрыхтавацца да доўгачаканага дня адзінства, якое не з'яўляецца паглынаннем або зліццём, а братэрскімі зносінамі ў праўдзе і любові.
Францішак выказаў пажаданне ісці ўсё больш братэрскім, сінадальным, агульным шляхам, сустракаючыся адзін з адным, з малітвай і праслаўленнем Пана. Ён падзякаваў Каталікосу-патрыярху за тое, што ён агучыў жаданне знайсці агульную дату святкавання Вялікадня. “2025 год - важная дата. Мы будзем святкаваць гадавіну першага Нікейскага сабора, але таксама мы будзем святкаваць Вялікдзень у адзін дзень”, – нагадаў Святы Айцец.
Напрыканцы сустрэчы Папа падарыў Каталікосу-патрыярху Асірыйскай Царквы Усходу часцінку мошчаў святога апостала Тамаша, заклікаючы да вылячэння агульных ран мінулага.