Пошук

Папа падчас святой Імшы за памерлых біскупаў і кардыналаў Папа падчас святой Імшы за памерлых біскупаў і кардыналаў 

Папа: чакаць сустрэчы з Богам, любячы бедных і параненых свету

Сустрэча з Богам стане радасным здзіўленнем для нас, калі будзем жыць, любячы бедных і параненых, - заўважыў Папа падчас святой Імшы ў інтэнцыі кардыналаў і біскупаў, памерлых на працягу мінулага году.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Літургію, якая прайшла у ватыканскай базыліцы святога Пятра ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў, 2 лістапада 2022 года, узначаліў кардынал Джавані Батыста Рэ, дэкан Калегіі кардыналаў. Францішак прамовіў гамілію, лейтматывам якой сталі словы чаканне і здзіўленне.

Папа заўважыў, што мы жывем у чаканні сустрэчы з Богам, “знаходзімся ў зале чакання свету, каб увайсці ў Неба”, таму “сёння варта спытаць сябе: ці маюць нашы жаданні нешта агульнае з Небам?”.

“Мы знаходзімся ў небяспецы пастаяннага імкнення да таго, што прамінае, блытаючы жаданні з патрэбамі, ставячы чаканні свету над чаканнямі Бога. Але згубіць з вачэй тое, што важна, і гнацца за ветрам, было б найбольшай жыццёвай памылкай”, - папярэдзіў Пантыфік, заклікаючы глядзець у вышыню, бо кар’ера, поспех, прэстыжныя званні і ўзнагароды, назапашванне багаццяў і мірскія здабыткі знікнуць у адно імгненне.

Тым не менш мы прысвячаем гэтым рэчам вельмі шмат часу, намаганняў і сіл, “дазваляючы аслабнуць тузе па доме”, губляючы з вачэй сэнс пілігрымавання і мэту жыццёвага падарожжа. Папа заклікаў задумацца пра стан уласнай веры ва “уваскрашэнне памерлых і жыццё вечнае ў будучым свеце” і пра тое, ці аддаем перавагу павярхоўным рэчам.

Францішак заклікаў кіравацца ў чаканні сустрэчы з Нябесным Айцом евангельскімі словамі, якія кожны раз здзіўляюць, кажучы пра прысутнасць Езуса ў галодных, прагнучых, чужынцах. “Найвышэйшы прысутнічае ў самых малых. Той, які жыве ў Небе, пасяліўся паміж самымі нязначнымі для свету”, - дадаў ён.

Папа адзначыў, што Евангелле вучыць служыць самым малым, а таксама падзяліўся сведчаннем лютэранскага капелана, які даслаў яму ліст, распавядаючы як дапамагае дзецям, ахвярам вайны ва Украіне. Ён заклікаў служыць патрабуючым без кампрамісаў і неадкладна. Евангелле кажа нам, што чаканне на сустрэчу з Богам трэба перажываць “любячы”, і што напрыканцы здзіўленне будзе радасным для нас, калі “зараз дазволім здзівіць сябе прысутнасцю Бога, які чакае нам паміж беднымі і параненымі свету”, - зазначыў Святы Айцец.

Пасля літургіі Францішак памаліўся за памерлых на ватыканскіх Тэўтонскіх могілках, якія знаходзяцца паміж Залай Паўла VI і базылікай святога Пятра.
 

02 лістапада 2022, 13:17