Святы Айцец: усё зло ў свеце ад забыцця пра Бога і бліжняга
Марыя Валодзіна – Vatican News
4 лістапада 2022 года Папа звярнуўся да членаў Мусульманскага савета старэйшын і яго кіраўніка, Вялікага імама Аль-Азхара Ахмада Аль-Таеба, якія сабраліся ў мячэці каралеўскага палаца Сахір у Авалі. Пантыфік выказаў надзею на тое, што спакой Усявышняга сыдзе на ўсіх, хто жадае спрыяць прымірэнню, каб пазбегнуць рознагалоссяў і канфліктаў у мусульманскіх супольнасцях; на тых, хто бачыць у экстрэмізме небяспеку, якая раз'ядае сапраўдную рэлігію.
“Няхай спакой сыдзе на вас і застанецца з вамі: на тых, хто жадае распаўсюджваць яго, сеючы ў сэрцах людзей каштоўнасці павагі, цярпення і ўмеранасці; на тых, хто імкнецца да сяброўскіх адносін, узаемнай павагі і даверу да тых, хто, як і я, з'яўляецца паслядоўнікамі іншай рэлігійнай традыцыі, на тых, хто імкнецца даць моладзі маральную і інтэлектуальную адукацыю, якая не прымае ніякай формы нянавісці і нецярпімасці,” - сказаў Святы Айцец.
На думку Папы, распаўсюджванне культуры міру, заснаванага на справядлівасці – гэта адзіны шлях, па якім трэба ісці. Мір нараджаецца з братэрства. Ён расце ў барацьбе з несправядлівасцю і няроўнасцю; ён будуецца шляхам працягвання рукі іншым. Мір нельга проста абвясціць. Яму трэба дапамагчы ўкараніцца. Гэта магчыма шляхам ліквідацыі форм няроўнасці і дыскрымінацыі, якія спараджаюць нестабільнасць і варожасць.
Пантыфік падзякаваў мусульманскім лідарам за прыём, дадаўшы, што ён уражаны мясцовым звычаем вітання гасцей: не толькі паціскаць ім рукі, але і прыкладаць руку да сэрца ў знак прыхільнасці, як бы кажучы: “Ты не далёкі ад мяне, ты ўваходзіш у маё сэрца, у маё жыццё”. “Я таксама з павагай і пяшчотай кладу руку на сэрца, гледзячы на кожнага з вас і благаслаўляючы Усявышняга за тое, што ён даў нам магчымасць сустрэцца адзін з адным”, - сказаў Францішак.
Паводле Папы, “трэба часцей сустракацца, пазнаваць і паважаць адзін аднаго, ставіць рэальнасць вышэй за ідэі, людзей – вышэй за меркаванні, адкрытасць на неба – вышэй за адрозненні на зямлі”. Трэба паставіць будучыню братэрства вышэй за антаганізм мінулага, пераадольваючы гістарычныя забабоны і непаразуменні ў імя Таго, хто крыніца супакою. Сапраўды, як могуць вернікі розных рэлігій і культур жыць побач, прымаць і паважаць адзін аднаго, калі яны застаюцца далёкімі і адхіленымі? Папа заклікаў мусульманскіх лідараў заахвочваць адзін аднаго “забыць мінулае і шчыра імкнуцца да ўзаемаразумення, а таксама разам захоўваць і падтрымліваць на карысць усяго чалавецтва сацыяльную справядлівасць, маральныя каштоўнасці, спакой і свабоду” (Nostra aetate, 3).
Святы Айцец яшчэ раз узгадаў пра Дрэва жыцця, якое расце ў Бахрэйне. У Бібліі дрэва жыцця змешчана ў цэнтр саду, гарманічнай задумы Бога для чалавецтва. Аднак людзі павярнуліся спіной да Творцы і ўсталяванага ім парадку, і гэта стала пачаткам шматлікіх праблем і дысбалансу. Сваркі і забойствы братоў (Быц 4), экалагічныя бедствы і катастрофы (Быц 6-9), пыха і сацыяльныя канфлікты (Быц 11) – паток зла і смерці вырваўся з чалавечага сэрца, каб зруйнаваць гарманічны сад. Па словах Папы, усё гэта зло караніцца ў адмове ад Бога і ад нашых братоў і сясцёр.
Сацыяльнае, міжнароднае, эканамічнае і індывідуальнае зло, а таксама сур’ёзны экалагічны крызіс, у канчатковым рахунку, вынікаюць з адчужэння ад Бога і бліжняга. Такім чынам, унікальны і непазбежны абавязак рэлігійных дзеячаў – “дапамагчы чалавецтву зноў адкрыць забытыя крыніцы жыцця, заахвоціць мужчын і жанчын піць з крыніц старажытнай мудрасці, наблізіць вернікаў да пакланення нябеснаму Богу, а таксама наблізіць іх да братоў і сёстраў, для якіх Ён стварыў зямлю”.
Для гэтага ёсць два сродкі: малітва і братэрства. “Гэта наша зброя, сціплая, але эфектыўная,” - зазначыў Святы Айцец. Нельга паддавацца спакусе ўжывання іншых сродкаў, нявартых Усявышняга, чыё імя ганьбяць тыя, хто спадзяюцца на ўладу і падсілкоўваюць насілле, вайну і гандаль зброяй – “гандаль смерцю”, які ператварае наш агульны дом у вялікі арсенал.
Папа нагадаў пра вялікую адказнасць рэлігійных лідараў перад Богам і чалавецтвам. “Мы павінны быць узорам таго, што мы прапаведуем, не толькі ў нашых супольнасцях і дамах, – бо гэтага ўжо недастаткова, – але і ва ўсім свеце, уніфікаваным і глабалізаваным”. Неабходна звяртацца да ўсёй чалавечай супольнасці, да ўсіх, хто жыве на зямлі.
На думку Францішка, усе мужчыны і жанчыны, прынамсі ў глыбіні свайго сэрца, задаюць адны і тыя ж вялікія пытанні: “Што значыць быць чалавекам? Чаму існуюць пакуты, зло, смерць і несправядлівасць? Што чакае нас пасля гэтага жыцця?” Аднак для многіх людзей, пагружаных у свет практычнага матэрыялізму і паралізуючага спажывецтва, гэтыя пытанні застаюцца без адказу. З-за нашай нядбайнасці мы захапляемся іншымі рэчамі, а не абвяшчэннем Бога, які дае супакой.
“Давайце працягнем нашу сённяшнюю сустрэчу! Давайце падарожнічаць разам! Мы будзем благаслаўлёны Богам, а таксама самымі маленькімі і ўразлівымі, якіх Ён асабліва любіць: беднымі, дзецьмі і моладдзю, якія пасля столькіх цёмных начэй чакаюць золку святла і супакою,” – заклікаў напрыканцы сустрэчы з мусульманскімі старэйшынамі Святы Айцец.