Пошук

Францішак падчас святой Імшы ў Асці Францішак падчас святой Імшы ў Асці 

Папа: Езус заклікае перамагаць зло, а не быць толькі гледачамі

Укрыжаваны Езус, гледзячы на нас з крыжа з распасцёртымі абдымкамі, ставіць нас перад выбарам: заставацца гледачамі ці ўключыцца ў гульню, - заклікаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 лістапада 2022 года, ва ўрачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, Францішак узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральным касцёле ў горадзе Асці ў вобласці П’емонт на поўначы Італіі, які наведаў з двухдзённым пастырскім візітам.

“З гэтых земляў мой бацька эміграваў у Аргенціну; і на гэтыя землі, якія сталі каштоўнымі дзякуючы добрым плёнам глебы і асабліва шчырай працавітасці людзей, я прыбыў, каб нанова адкрыць для сябе водар каранёў. Але сёння Евангелле яшчэ раз вяртае нас да каранёў веры”, - сказаў на пачатку сваёй гаміліі Пантыфік, дадаючы, што гэтыя карані “знаходзяцца ў засушлівай зямлі Галгофы, дзе зерне Езуса, памёршы, дало магчымасць прарасці надзеі: пасаджанае ў сэрцы зямлі, яно адкрыла нам шлях да неба; сваёй смерцю Ён даў нам жыццё вечнае; праз дрэва крыжа Ён прынёс нам плён збаўлення”. “Дык паглядзім на яго, на Укрыжаванага”, - заахвоціў Папа.

Францішак нагадаў, што на крыжы быў напісаны толькі адзін выраз: “Гэта кароль юдэйскі”. Езус, аднак, не адпавядае нашым уяўленням пра караля: “Ён не сядзіць на зручным троне, а вісіць на месцы пакарання; Бог, які “скідвае магутных з тронаў” (Лк 1,52), дзейнічае як слуга, укрыжаваны моцнымі; Яго ўпрыгожваюць толькі цвікі і церне, Ён пазбаўлены ўсяго, але багаты любоўю, з трона крыжа Ён больш не павучае натоўп словам, больш не падымае руку, каб навучаць. Ён робіць больш: ні на каго не паказвае пальцам, а кожнаму раскрывае абдымкі. Так аб’яўляецца наш Валадар: з распасцёртымі абдымкамі, а brasa aduerte”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што Езус заўсёды чакае нас з распасцёртымі абдымкамі, прапануе сваю любоў, не навязваючы яе, заўсёды прабачае і ўздымае, заўсёды вяртае каралеўскую годнасць, а збаўленне прыходзіць, “калі дазваляем Яму любіць нас, бо толькі так вызваляемся ад рабства ўласнага эга, ад страху застацца самотнымі, ад думак пра тое, што ў нас нічога не атрымаецца”. “Браты, сёстры, давайце будзем часцей станавіцца перад Укрыжаваным і дазваляць Яму любіць нас, бо гэтыя распасцёртыя абдымкі адкрываюць таксама перад намі браму ў рай...”, - заклікаў Папа.

Папа ўзначаліў святую Імшу ў катэдральным касцёле ў Асці

Францішак заўважыў, што Евангелле ўказвае два шляхі перад абліччам Укрыжаванага. Адна частка людзей заставалася простымі гледачамі: яны назіралі за Хрыстом здалёк, цікаўныя ці абыякавыя, без сапраўднага інтарэсу і не задаваліся пытаннем: што магу зрабіць я? Яны каментавалі, выказвалі суджэнні і меркаванні, некаторыя наракалі, але заставаліся глядзець са складзенымі рукамі, іншыя – абражалі Яго ці крычалі: “Калі Ты кароль юдэйскі, уратуй сябе”. Гэта, аднак, было цалкам адваротным таму, што рабіў Езус: Ён думаў не пра сябе, а пра тое, каб уратаваць іх.

Святы Айцец зазначыў, што заклік “уратуй сябе” з’яўляецца заразным: ад кіраўнікоў да салдат і народу, хваля зла дасягнула амаль усіх, становячыся “смяротнай заразай абыякавасці”. “Хваля зла заўсёды распаўсюджваецца так: пачынаецца з дыстанцыянавання, з назірання без дзеяння, абыякавага, потым думаем толькі пра тое, што цікавіць, і прызвычайваемся адварочвацца. Гэта таксама пагроза таксама для нашай веры, якая знікае, калі застаецца тэорыяй і не становіцца практыкай, калі не заахвочвае да дзеяння, калі мы не прысвячаем сябе асабіста, калі не ўваходзім у гульню”, - сказаў Пантыфік, дадаючы, што ў такім выпадку мы становімся хрысціянамі, “якія кажуць, што вераць у Бога і хочуць міру, але не моляцца і не клапоцяцца пра іншых”.

Францішак заўважыў, што ёсць таксама і жыватворная хваля дабра: добры разбойнік, укрыжаваны побач з Езусам, звярнуўся да Яго па імені, паспавядаўся са сваіх памылак і папрасіў узгадаць пра яго на Небе. “Так разбойнік стаў першым святым: Ён на імгненне стаў блізкім да Езуса, а Пан назаўсёды пакінуў яго пры сабе”, - адзначыў Пантыфік.

“Евангелле гаворыць пра добрага злодзея для нас, каб запрасіць нас перамагчы зло, перастаўшы заставацца назіральнікамі, бо абыякавасць горшая за чыненне зла. З чаго пачаць? З даверу, з таго, каб называць Бога па імені, як рабіў добры разбойнік, які напрыканцы жыцця адшукаў мужны давер дзяцей, якія давяраюць, просяць, настойваюць. І з даверам ён прызнаў свае памылкі, плакаў, але не столькі над сабой, колькі перад Панам”, - сказаў, дадаючы, што “тыя, хто практыкуе давер, вучацца заступніцтву, вучацца несці Богу тое, што бачаць, пакуты свету, людзей, якіх сустракаюць” “Мы на свеце не толькі для таго, каб уратаваць сябе, але каб прывесці братоў і сясцёр у абдымкі Валадара. Заступніцтва, нагадванне Пану, адчыняе браму раю”, - падкрэсліў Францішак, заклікаючы вернікаў не абмяжоўвацца выказваннем тэорый, крытыкай, але закасаць рукавы, узяць жыццё ў свае рукі, перайці ад апраўданняў да малітвы і служэння.

20 лістапада 2022, 13:17