Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў "Матча за мір" Аўдыенцыя для ўдзельнікаў "Матча за мір" 

Папа футбалістам: пасярод разбурэнняў сеяць зерні сяброўства

Мір будуецца з дапамогай малых жэстаў сяброўства і працягнутай рукі, - заўважыў Пантыфік падчас аўдыенцыі з нагоды “Матчу за мір”, які прайшоў 14 лістапада 2022 года на Алімпійскім стадыёне ў Рыме.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа назваў спартыўную падзею “маленькім зернем міру” ў свеце войнаў і разбурэнняў, дзе самыя вялікія інвестыцыі прыпадаюць на зброевую прамысловасць. Матч адбыўся па ініцыятыве Папскага фонда Scholas Occurrentes пад дэвізам We Play For Peace (Мы гуляем за мір). У ім бралі ўдзел такія славутыя футбалісты як Раналдынью, Міраслаў Клозэ, Эрык Абідаль, Генрых Мхітаран, Іван Ракіціч, Бруну Алвіш, Роман Вайдэнфелер, Чыра Імобіле і іншыя.

Францішак прыняў арганізатараў сустрэчы, гульцоў, членаў іх сем’яў і сяброў у ватыканскай зале Паўла VI, дзе была выстаўлена фрэска ў гонар Дыега Арманда Марадоны, памяці якога быў прысвечаны матч. Папа ўдзяліў усім прысутным бласлаўленне на гэтую ініцыятыву, якая, паводле яго слоў, дэманструе “бескарыслівасць міру”.

“Давайце задумаемся пра тое, што сёння самыя вялікія выдаткі ў свеце ідуць на вытворчасць зброі. Таму што мы заўсёды думаем пра тое, каб ваяваць, каб знішчаць”, - пачаў сваё кароткае прывітанне Святы Айцец. Ён падзякаваў спартсменам, якія прыбылі з розных краін, каб згуляць у футбол у імя міру. Мір, сказаў Папа, “будуецца такім чынам, з дапамогай такіх жэстаў: жэстаў блізкасці, жэстаў сяброўства, жэстаў працягнутай рукі, заўсёды, а не з каменем у руцэ”.

“Гэта невялікія жэсты, але яны з’яўляюцца зернем міру, здольным змяніць свет”, - падкрэсліў Францішак, высока адзначаючы жаданне спартсменаў выказаць свой заклік на карысць міру ў свеце, які пастаянна шукае войнаў і разбурэнняў. Ён адзначыў таксама важнасць бескарыслівага вымярэння спорту.


 

15 лістапада 2022, 10:17