Папа: кожны можа спрыяць распаўсюджванню культуры клопату
Марыя Валодзіна - Vatican News
14 лістапада 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане каля 400 членаў аптэчнай сеткі “Apoteca Natura”. Іх досвед пошуку ў прыродзе адказаў на праблемы са здароўем нагадаў Францішку пра Амазонію. Карэнныя народы, як у Амазоніі, так і ў іншых частках свету, захоўваюць багатую спадчыну натуральных метадаў лячэння, якія могуць быць страчаныя, калі гэтыя народы знікнуць, - звярнуў увагу Святы Айцец.
Пантыфік адзначыў у працы аптэкараў станоўчы знак часу: творчы спосаб вядзення бізнесу і стварэння працоўных месцаў, заснаваны на інтэгральнай экалогіі, якая адказвае на прыярытэтную неабходнасць знайсці новую гармонію паміж чалавекам і стварэннем.
Яшчэ адной станоўчай рысай сеткі аптэк, на думку Папы, з’яўляюцца персаналізаваныя адносіны з мясцовымі жыхарамі, пэўная здольнасць слухаць, кансультаваць і арыентаваць іх. Асабліва гэта тычыцца пажылых і малаадукаваных людзей, якія з-за бюракратызацыі і камп'ютэрызацыі медыцынскіх паслуг аказваюцца фактычна выключанымі і маргіналізаванымі. Вядома, аптэкі не могуць замяніць дзяржаўную службу аховы здароўя, але яны, безумоўна, могуць задаволіць рэальныя патрэбнасці людзей, кампенсуючы пэўныя недахопы, - зазначыў Святы Айцец.
Папа лічыць, што працу аптэк сеткі “Apoteca Natura” можна ахарактарызаваць двума словамі: гармонія і клопат.
“Гармонія – вельмі блізкая майму сэрцу канцэпцыя. Яна мае высокую тэалагічную і духоўную каштоўнасць. Яе нават можна лічыць імем Бога, таму што Святы Дух сам па сабе з'яўляецца гармоніяй”, - сказаў Францішак. Па гэтай прычыне стварэнне адлюстроўвае задуму Творцы і, нават будучы забруджаным злом, заўсёды імкнецца да дабра і гармоніі. Святы Павел, звяртаючыся да рымлянаў, кажа, што “стварэнне падпарадкавалася марнасці”, але яно “стогне і нараджае ў пакутах ажно да цяперашняга часу” (Рым 8,20-22). У шматграннай з'яве космасу і жыцця ва ўсіх яго формах можна пазнаць задуму. Павел нават кажа пра тое, што “стварэнне з надзеяй чакае адкрыцця” (Рым 8,19), што надзея Бога – надзея на выратаванне і камунію – адлюстравалася ў Яго стварэнні.
Сёння ў глабалізаваным свеце здаецца яшчэ больш відавочным супрацьпастаўленне дзвюх культур: з аднаго боку, культуры спажывання і адчужэння, якая з'яўляецца формай нігілізму, і з другога боку, культуры клопату. Сёння нам не дазволена заставацца нейтральнымі. Неабходна зрабіць выбар, таму што крык Зямлі і крык бедных патрабуюць адказнасці. Культура спажывання і адчужэння вельмі распаўсюджана і абумоўлівае нашы паўсядзённыя паводзіны, культура клопату таксама праяўляецца ў малых і вялікіх рашэннях кожнага з нас. Энцыкліка Laudato Si' – гэта заклік для ўсяго Касцёла і ўсіх мужчын і жанчын добрай волі свядома прыняць рашэнне на карысць клопату. Кожны можа спрыяць распаўсюджванню культуры клопату, - лічыць Пантыфік.
Напрыканцы сустрэчы Папа падзякаваў аптэкарам сеткі "Apoteca Natura" за ўклад у развіццё эканомікі, арыентаванай на чалавека і агульнае дабро, і благаславіў іх і іх сем'і.