Папа: крызісная сітуацыя – нагода для сведчання Евангелля
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак, у якім апавядаецца як некаторыя захапляліся прыгажосцю ерузалемскай святыні, але Езус звяртаў увагу на драматычныя падзеі чалавечай гісторыі. Усё ў гэтым свеце праміне, ад нас жа патрабуецца вернасць Евангеллю пасярод усякіх гістарычных катаклізмаў.
Пантыфік заўважыў, што Езус хоча вызваліць нас ад “спакусы прачытання драматычных фактаў у забабонным ці катастрафічным выглядзе, як быццам мы ўжо блізкія да канца свету і больш не варта рабіць нічога добрага”.
“Езус перасцерагае нас: “Глядзіце, каб вас не звялі”, не паддавайцеся даверлівай цікаўнасці, не адказвайце на падзеі, кіруючыся страхам, але навучыцеся глядзець на іх вачыма веры, з упэўненасцю, што будучы побач з Богам “нават волас з вашай галавы не прападзе”, - сказаў Папа.
Пантыфік зазначыў, што драматычныя падзеі, сітуацыі болю, войны, рэвалюцыі і бедствы – гэта не канец і не прычына, каб дазволіць паралізаваць сябе страхам або паддацца паражэнству тых, хто думае, што ўсё страчана і бескарысна браць на сябе абавязацельствы ў жыцці.
“Вучань Пана не дазваляе атрафіраваць сябе роспаччу, не падае духам нават у самых цяжкіх сітуацыях, таму што яго Бог – гэта Бог уваскрасення і надзеі, які заўсёды падымае: з Ім заўсёды можна ўзняць позірк, пачаць спачатку і зноў вырушыць у шлях. Такім чынам, хрысціянін, сутыкнуўшыся з выпрабаваннем, пытаецца ў сябе: “Што Пан кажа нам у гэты крызісны момант?”. І калі адбываюцца злыя падзеі, якія спараджаюць беднасць і пакуты, ён пытаецца ў сябе: “Што канкрэтна я магу зрабіць добрага?”, - сказаў Пантыфік.
Святы Айцец заўважыў, што Езус вучыць успрымаць крызісныя сітуацыі ў якасці нагоды для сведчання. “Гэта прыгожае, тыпова хрысціянскае мастацтва: не быць ахвярай таго, што адбываецца, але скарыстацца магчымасцю, схаванай ва ўсім, што з намі адбываецца, тым дабром, якое можна пабудаваць нават з негатыўных сітуацый. Кожны крызіс – з’яўляецца магчымасцю і дае нагоду для росту”, - дадаў ён.
Францішак падкрэсліў, што самыя важныя крокі робяцца менавіта ў пэўных крызісах, сітуацыях выпрабаванняў, страты кантролю, няўпэўненасці. “І тады мы разумеем запрашэнне, якое Езус скіроўвае сёння непасрэдна мне, табе, кожнаму з нас: калі бачыш вакол сябе трывожныя факты, калі ўспыхваюць войны і канфлікты, калі адбываюцца землятрусы, голад і пошасці, што робіш ты?”, - спытаў Папа, падкрэсліваючы, што такія сітуацыі павінны быць нагодай для сведчання Евангелля.
“Браты і сёстры, у гэты Сусветны дзень бедных слова Езуса з’яўляецца настойлівым папярэджаннем, каб парушыць унутраную глухату, якая перашкаджае нам пачуць здушаны крык болю самых слабых. Нават сёння мы жывем у параненых грамадствах і з’яўляемся сведкамі, як сказана ў Евангеллі, сцэнарыяў насілля, несправядлівасці і пераследу; акрамя таго, мы павінны супрацьстаяць крызісу, выкліканаму змяненнем клімату і пандэміяй, якая пакінула пасля сябе шэраг не толькі фізічных, але і псіхалагічных, эканамічных і сацыяльных хвароб. Нават сёння мы бачым, як людзі паўстаюць супраць людзей, і мы з трывогай назіраем за лютым пашырэннем канфліктаў, бедствам вайны, якая выклікае смерць многіх нявінных людзей і памнажае атруту нянавісці. Нават сёння, значна больш, чым учора, многія браты і сёстры, выпрабаваныя і знеахвочаныя, эмігруюць у пошуках надзеі, і многія людзі жывуць у нястачы з-за адсутнасці працы або несправядлівых і нягодных умоў працы. І нават сёння бедныя з’яўляюцца найбольш пакаранымі ахвярамі любога крызісу. Але, калі нашае сэрца глухое і абыякавае, мы не можам пачуць іх слабы крык болю, плакаць разам з імі і за іх, убачыць, колькі адзіноты і пакут хаваецца таксама ў забытых кутках нашых гарадоў”, - сказаў Папа.
Францішак заклікаў не слухаць прарокаў пагібелі; не дазволіць зачараваць сябе сірэнамі папулізму, які выкарыстоўвае патрэбы людзей, прапаноўваючы занадта лёгкія і паспешлівыя рашэнні. “Не будзем ісці за фальшывымі “месіямі”, якія ў імя прыбытку абвяшчаюць рэцэпты, карысныя толькі для павелічэння багацця нямногіх, асуджаючы бедных на маргіналізацыю. Наадварот, давайце сведчыць: запальваць агні надзеі сярод цемры; у драматычных сітуацыях карыстацца магчымасцю, каб сведчыць аб Евангеллі радасці і будаваць больш братэрскі свет; давайце адважна выступаць за справядлівасць, законнасць і мір, стоячы побач з самымі слабымі. Не будзем уцякаць, каб абараніцца ад гісторыі, але змагацца, каб надаць гэтай гісторыі іншы твар”, - заклікаў Пантыфік.
Францішак адзначыў, што сілы для ўсяго гэтага трэба чэрпаць у даверы да Бога, які любіць нас і заўсёды знаходзіцца побач з намі: калі мы адкрыем Яму свае сэрцы, Ён умацуе ў нас здольнасць любіць самых пакінутых дзяцей і клапаціцца пра бедных, у якіх ёсць Езус, што дзеля нас стаў бедным. “Мы не можам, як тыя, пра каго гаворыць Евангелле, захапляцца прыгожымі камянямі храма, не пазнаючы сапраўднага храма Божага, чалавека, асабліва беднага, у чыім абліччы, у чыёй гісторыі, у чыіх ранах ёсць Езус. Ён сам сказаў гэта. Давайце ніколі гэтага не забываць”, - завяршыў гамілію Святы Айцец.