Папа моліцца за Украіну і салідарызуецца з кіпрыётамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
“Зноў запрашаю да малітвы за змучаную Украіну. Папросім у Бога міру для людзей, якія пакутуюць, зносяць столькі жорсткасці ад наймітаў, якія вядуць вайну”, - звярнуўся да вернікаў Францішак.
Ён выказаў салідарнасць з народам Кіпра, які аплаквае смерць Хрызастома II. Прадстаяцель Кіпрскай Праваслаўнай Царквы памёр ва ўзросце 81 года. “Ён быў дальнабачным пастырам, чалавекам дыялогу, міралюбівым чалавекам, які імкнуўся спрыяць прымірэнню паміж рознымі супольнасцямі ў краіне. Я з удзячнай любоўю ўспамінаю братэрскія сустрэчы, якія мы мелі на Кіпры падчас майго візіту ў мінулым годзе. Памолімся аб вечным супакоі для яго”, - заклікаў Пантыфік.
Францішак нагадаў вернікам і пра беатыфікацыю ў Афрыцы. “У мінулую суботу ў Меру, у Кеніі, была беатыфікаваная сястра Марыя Караля Чэкін з Кангрэгацыі сясцёр святога Юзафа Бэнэдыкта Каталенга, якая памерла ў 1925 годзе ва ўзросце 48 гадоў, даючы сведчанне Евангелля Міласэрнасці жыхарам Афрыкі. Няхай яе прыклад добрай і мудрай жанчыны падтрымлівае ўсіх, хто працуе дзеля распаўсюджвання Божага Валадарства”, - сказаў Святы Айцец, завяршаючы агульную аўдыенцыю.