Пошук

Сустрэча Папы з суддзямі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота Сустрэча Папы з суддзямі ў Ватыкане. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да суддзяў: хто змагаецца за дабро, ніколі не будзе адзінокім

“Парадыгмы прагматызму і прыбытку пагражаюць справядлівасці, а таксама дэмакратыі як палітычнай сістэме. У такім складаным кантэксце роля тых, хто судзіць, з'яўляецца цэнтральнай і вызначальнай”, – нагадаў Францішак.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У відэазвароце з нагоды адкрыцця мексіканскага падраздзялення Панамерыканскага камітэта суддзяў па сацыяльных правах і францішканскай дактрыне (COPAJU) Папа падзяліўся некаторымі разважаннямі, адпраўной кропкай для якіх стала сцвярджэнне, што “крызіс планетарнага маштабу, які разрастаецца дзень за днём, пагражае як чалавеку, так і планеце”.

Звяртаючыся да суддзяў, Святы Айцец падкрэсліў, што інстытуцыйныя паўнамоцтвы, легітымізаваныя народамі і законамі, закліканы абмяжоўваць “пражэрлівасць карпарацый і зліццё прадпрыемстваў”, якія нясуць спусташэнне, а таксама “нейтралізоўваць аўтарытарныя палітычныя праекты”.

Грамадства, якое абараняе незалежная і сумленная юстыцыя, пераймае ў сваіх паводзінах яе вучэнне. “І наадварот, далёкая і замкнёная ў сітуацыйным пазітывізме, пустая юстыцыя з'яўляецца плённай нівай для беззаконнага і эгаістычнага грамадства”, – сказаў Папа, пажадаўшы мексіканскім суддзям, каб арганізацыя, якую яны ствараюць, паслужыла для таго, каб згуртаваць і абараніць іх, але перш за ўсё для таго, каб “быць лепшымі суддзямі” і абараняць справядлівасць.

Святы Айцец таксама заклікаў не забываць пра тое, што годныя практыкі робяць годнымі як таго, хто іх атрымлівае, так і таго, хто іх здзяйсняе. “Дабрыня рашэнняў благаслаўляе тых, хто іх падтрымлівае, мужнасць суддзяў перад тварам няправедных абнаўляе веру і сілу народаў. Ніколі не будуць самотнымі тыя, хто змагаюцца за дабро», – падкрэсліў Папа.

Панамерыканскі камітэт суддзяў па сацыяльных правах і францішканскай дактрыне – гэта згуртаванне суддзяў амерыканскага кантынента, якія чэрпаюць натхненне ў вучэнні Францішка. Ён быў створаны ў 2019 годзе пасля сустрэчы, арганізаванай Папскай акадэміяй сацыяльных навук у Ватыкане.

19 лістапада 2022, 10:12