Пошук

Папа падчас аўдыенцыі з дэлегатамі Сусветнага яўрэйскага кангрэса Папа падчас аўдыенцыі з дэлегатамі Сусветнага яўрэйскага кангрэса 

Пантыфік: юдэі і хрысціяне могуць разам адкрываць шляхі міру

Любая вайна заўсёды і ўсюды “з'яўляецца паразай для ўсяго чалавецтва”, - падкрэсліў Пантыфік у прамове да прадстаўнікоў Сусветнага яўрэйскага кангрэса.

Марыя Валодзіна – Vatican News

22 лістапада 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Выканаўчага камітэта Сусветнага яўрэйскага кангрэса, які прадстаўляе яўрэйскія супольнасці ў больш за 100 краінах свету.

Папа сардэчна прывітаў гасцей і падкрэсліў, што яўрэі і католікі падзяляюць бясцэнную духоўную спадчыну, вызнаюць “веру ў Творца неба і зямлі” і вераць у тое, што “Усявышні не застаўся ў баку ад свайго тварэння, але явіў сябе”.

Звяртаючы ўвагу на раны нашага агульнага дома, Пантыфік нагадаў, што “агульныя і канкрэтныя ініцыятывы, накіраваныя на дасягненне справядлівасці, патрабуюць мужнасці, супрацоўніцтва і творчасці”. “Нашы палітычныя, культурныя і сацыяльныя ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне свету, - дадаў ён, - не могуць мець жаданага поспеху без малітвы і братэрскай адкрытасці да іншых у імя адзінага Творцы, які любіць жыццё і благаслаўляе міратворцаў”.

“Сёння ў многіх частках свету мір знаходзіцца пад пагрозай. Разам мы прызнаем, што вайна, любая вайна, заўсёды, ва ўсякім выпадку і ўсюды з'яўляецца паразай для ўсяго чалавецтва! Я думаю пра вайну ва Украіне, блюзнерскую вайну, якая аднолькава пагражае яўрэям і хрысціянам, пазбаўляючы іх блізкіх людзей, дамоў, маёмасці, жыцця! Толькі пры наяўнасці сур'ёзнай рашучасці наблізіцца адзін да аднаго і ў братэрскім дыялогу можна падрыхтаваць глебу для міру. Як яўрэі і хрысціяне, давайце імкнуцца зрабіць усё, што ў чалавечых сілах, каб спыніць вайну і адкрыць шляхі да міру”, - заклікаў Святы Айцец.

Па словах Папы, праз веру і чытанне Святога Пісання яўрэі і католікі ўступаюць у адносіны з Панам: “Мы таксама падзяляем погляд на канец жыцця, які грунтуецца на веры ў тое, што на жыццёвым шляху мы не ідзем у нікуды, а насустрач Усявышняму, які клапоціцца пра нас. Насустрач Таму, хто паабяцаў нам, у канцы часоў, вечнае валадарства свету, дзе прыйдзе канец усяму, што пагражае чалавечаму жыццю і суіснаванню. Наш свет адзначаны гвалтам, прыгнётам і эксплуатацыяй, але апошняе слова застанецца не за імі: абяцанне Пана кажа нам пра будучыню выратавання.”

У святле агульнай рэлігійнай спадчыны яўрэі і католікі закліканы “разглядаць сучаснасць як агульны выклік”, “як стымул дзейнічаць разам”. Задача дзвюх рэлігійных супольнасцей – “працаваць над тым, каб зрабіць свет больш братэрскім, змагацца з няроўнасцю і садзейнічаць большай справядлівасці, каб мір не заставаўся абяцаннем, якое споўніцца ў іншым свеце, але стаў рэальнасцю ў гэтым”.

Шлях да мірнага суіснавання пачынаецца са справядлівасці, якая, разам з ісцінай, любоўю і свабодай, з'яўляецца адной з асноўных умоў трывалага міру ва ўсім свеце (Ян XXIII, энцыкліка Pacem in Terris, 18, 20, 25). Колькі чалавечых істот, створаных па вобразу і падабенству Божаму, ушчэмленыя ў сваёй годнасці ў выніку несправядлівасці, якая скалынае планету і ўяўляе сабой асноўную прычыну многіх канфліктаў, – балота, якое спараджае войны і гвалт! Той, хто стварыў парадак і гармонію, заклікае нас асушыць гэта балота несправядлівасці, якое затапляе братэрскае суіснаванне ў свеце, гэтак жа, як экалагічныя катастрофы ставяць пад пагрозу здароўе зямлі, – адзначыў Святы Айцец.

22 лістапада 2022, 12:54