Пошук

Bідэапасланне Францішка з нагоды XII Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла Bідэапасланне Францішка з нагоды XII Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла 

Папа заклікаў ператварыць эгаізм у братэрства

Прасоўваць культуру сустрэчы і даверу, каб “пакінуць логіку вайны, якая бачыць у іншым ворага, пагрозу, узурпатара”, - заклікаў Францішак удзельнікаў Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У відэазвароце з нагоды XII Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла, які праходзіць з 24 па 27 лістапада 2022 года ў італьянскай Вероне, Пантыфік нагадаў, што агульнае дабро – гэта “цэмент, на якім неабходна будаваць справядлівае, праўдзівае і прыгожае грамадства”.

Папа выказаў задавальненне ў сувязі з выбарам тэмы гэтага года: “Пабудова даверу. Захапленне сустрэчай". Давер і захапленне – вось тыя “дарожныя знакі”, з дапамогай якіх трэба рухацца па шляху, які Папа называе “неабходным зараз, больш чым калі-небудзь”.

Мы жывем у час сур'ёзных канфліктаў, якія, здаецца, адмаўляюць магчымасць ставіцца з даверам да іншых людзей, з даверам, падмацаваным пачуццём бяспекі і спакою, - адзначыў Пантыфік, узгадаўшы шматлікія канфлікты, якія адбываюцца ў свеце, а таксама беднасць, пакуты, нявінных ахвяраў, дзяцей, якім адмоўлена ў будучыні... Гэты змрочны сцэнар патрабуе рашучага ўмяшання і працы па аднаўленню. На думку Францішка, слова пабудова, абранае для тэмы фестывалю, вельмі дарэчнае. Яно нагадвае аб метафары рамеснікаў, будаўнікоў міру, прыгажосці і даверу.

Пантыфік нагадаў, што нельга грэбаваць планаваннем і спадзявацца на выпадковасць. “Планаванне ўяўляе сабой здольнасць упарадкоўваць ідэі, ініцыятывы, палкія імпульсы з улікам часу, неабходнага для рэалізацыі праекта, а таксама з павагай да часу кожнага чалавека. Толькі ў гэтым выпадку пабудова зможа вытрымаць гістарычныя навалы”.

Папа працытаваў словы прарока Ераміі аб тым, як “не заставацца рабом прыватных інтарэсаў і мець перспектыву, якая пераадольвае абмежаванні і супярэчнасці”: “Благаслаўлёны чалавек, які спадзяецца на Пана, і надзея якога — Пан. Ён будзе як дрэва, пасаджанае над вадою, што пускае карэнне сваё над патокам. Калі настане спёка, яно не баіцца, і лісце яго застаецца зялёным. І ў год засухі яно не будзе хвалявацца, і не перастане прыносіць плён” (Ерамія 17, 7-8). На каго спадзяецца чалавек сёння? – заклікаў задумацца Святы Айцец.

На яго думку, нашым самым вялікім жаданнем павінна стаць сустрэча. Менавіта сустрэча, “іскра, якая сагравае сэрца і прымушае абняць іншага” ляжыць у аснове даверу і захаплення. Сустрэча “дазваляе нам ператварыць эгаізм у братэрства, абыякавасць у захапленне, мячы ў плугі, дзіды ў сярпы. Сустрэча дазваляе пакінуць логіку вайны, якая бачыць у іншым ворага, пагрозу, узурпатара”. Папа завяршыў свой відэазварот запрашэннем “прасоўваць і сілкаваць”, кожны ў сваёй сферы, культуру сустрэчы.

25 лістапада 2022, 11:29