Папа: сапраўднае суцяшэнне пацвярджае, што спаўняем Божую волю
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Працягваючы цыкл катэхез аб духоўным распазнаванні, Святы Айцец закрануў тэму сапраўднага суцяшэння. Прапануючы задумацца над яго крытэрыямі, ён спаслаўся на святога Ігнацыя Лаёлы, які ў Духоўных практыкаваннях сцвярджаў, што “калі ў нашых думках пачатак, сярэдзіна і канец цалкам добрыя, скіраваныя да таго, што цалкам добрае, гэта знак добрага анёла”.
Каб патлумачыць, што значыць добры пачатак думак Францішак паставіў у прыклад сітуацыю, калі ўзнікае жаданне памаліцца. Добры пачатак, гэта калі думка пра малітву выклікана любоўю да Пана і бліжняга, жаданнем рабіць шчодрыя, міласэрныя ўчынкі. “Аднак, такая думка можа ўзнікнуць, каб пазбегнуць працы ці даручэння, якое мне было дадзена: кожны раз, калі мне трэба памыць посуд ці прыбраць у доме, у мяне ўзнікае вялікае жаданне пачаць маліцца! Але малітва – гэта не ўцёкі ад абавязкаў, наадварот, гэта дапамога ў дасягненні дабра, да якога мы пакліканы тут і цяпер”, - сказаў ён.
Гаворачы пра добрую сярэдзіну, Папа зноў звярнуўся да прыкладу малітвы, заклікаючы сцерагчыся падчас яе паводзін евангельскага фарысея з прыпавесці: засяроджанасці на сабе, задаволенасці сабой, пагарды іншымі. Усё гэта прыкметы таго, што злы дух выкарыстаў думку пра малітву як “ключ, каб увайсці ў маё сэрца і перадаць мне свае пачуцці”, - папярэдзіў Пантыфік.
Францішак адзначыў, што трэба таксама быць уважлівымі да таго, куды прыводзяць нас думкі, які маюць канец. “Напрыклад, можа здарыцца так, што я шмат працую дзеля цудоўная і годнай справы, але гэта падштурхоўвае мяне перастаць маліцца, і я станаўлюся больш агрэсіўным і злым, лічу, што ўсё залежыць ад мяне, пакуль не страчу веру ў Бога. Тут відавочна ёсць дзеянне злога духа”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што д’ябал дзейнічае хітра і непрыкметна: “зыходзіць з таго, што нам найбольш дарагое, а потым пакрысе прыцягвае нас да сябе: зло ўваходзіць патаемна, незаўважна для чалавека”.
У сувязі з гэтым Папа адзначыў важнасць “цярплівай, але незаменнай праверкі паходжання і праўдзівасці ўласных думак – гэта заклік вучыцца на досведзе, на тым, што з намі адбываецца, каб не паўтараць адных і тых жа памылак”. “Чым больш мы пазнаем сябе, тым больш разумеем, адкуль уваходзіць злы дух, яго “паролі”, уваходныя дзверы ў наша сэрца, кропкі, да якіх мы найбольш адчувальныя, каб звяртаць на іх увагу ў будучыні”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы да штодзённага рахунку сумлення, бо “разуменне таго, што адбываецца, важна, гэта знак таго, што Божая ласка дзейнічае ў нас, дапамагае нам расці ў свабодзе і свядомасці”.
“Сапраўднае суцяшэнне з’яўляецца своеасаблівым пацвярджэннем таго, што мы робім тое, што хоча ад нас Бог, што мы крочым Яго сцежкамі, гэта значыць сцежкамі жыцця, радасці, супакою. Па сутнасці, распазнаванне не тычыцца проста дабра ці найбольш магчымага дабра, але таго, што добра для мяне тут і цяпер: я пакліканы ўзрастаць на гэтым, абмяжоўваючы іншыя прывабныя, але нерэальныя прапановы, каб не быць падманутым у пошуках сапраўднага дабра”, - завяршыў сваю катэхезу Францішак.