Пошук

Аўдыенцыя для італьянскіх школьнікаў і настаўнікаў Аўдыенцыя для італьянскіх школьнікаў і настаўнікаў 

Святы Айцец моладзі: марыць пра вялікае і быць паэтамі міру

Францішак заклікаў моладзь вучыцца клопату на прыкладзе Добрага Самараніна з Евангелля, марыць пра вялікае і сваімі ўласнымі ўчынкамі пісаць сапраўдную паэзію міра.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

28 лістапада 2022 года Папа прыняў аўдыенцыі ў Ватыкане італьянскіх школьнікаў і настаўнікаў, удзельнікаў праекту, прысвечанага навучанню міру і клопату, які рэалізуецца Нацыянальнай сеткай школ на карысць міру. “Мы часта гаворым пра мір, калі адчуваем прамую пагрозу, напрыклад, у выпадку магчымай ядзернай атакі або вайны, якая вядзецца ля нашых дзвярэй. Гэтак жа нас цікавяць правы мігрантаў, калі ў нас ёсць сваякі ці сябры, якія эмігравалі. На самай справе, мір заўсёды тычыцца нас! Як заўсёды нас тычыцца лёс іншага чалавека, брата і сястры, і мы павінны клапаціцца пра яго і яе”, - дадаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што дасканалым прыкладам клопату з’яўляецца самаранін з Евангелля, які выратаваў незнаёмца, знойдзенага параненым ля дарогі. “Самаранін не ведаў, ці гэты няшчасны чалавек добры ці злы, багаты ці бедны, адукаваны ці невук, яўрэй ці самаранін, як ён, або іншаземец; ён не ведаў, ці сам ён “напрасіўся” на тое няшчасце ці не. У Евангеллі сказана: “Натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся” (Лк 10, 33). Іншыя перад ім таксама бачылі гэтага чалавека, але яны пайшлі проста міма. Самаранін не задаваў сабе шмат пытанняў, ён ішоў за рухам спачування”, - зазначыў Святы Айцец.

“Таксама і ў наш час мы можам сустрэць сапраўдныя сведчанні людзей або структур, якія працуюць на карысць міру і клапоцяцца пра людзей у патрэбе. Давайце падумаем, напрыклад, пра тых, хто атрымаў Нобелеўскай прэмію міра, але таксама пра многіх невядомых людзей, якія маўкліва працуюць дзеля гэтай мэты”, - заклікаў Папа.

“Сёння я хацеў бы ўзгадаць дзве постаці сведкаў. Першая – святы Ян XXIII. Яго называлі “Добрым Папам”, а таксама “Папам міру”, таму што ў тыя цяжкія пачаткі 1960-х гадоў, адзначаныя моцнай напружанасцю – будаўніцтвам Берлінскай сцяны, крызісам на Кубе, халоднай вайной і ядзернай пагрозай – ён апублікаваў знакамітую і прароцкую энцыкліку Pacem in terris. У наступным годзе ёй споўніцца 60 гадоў, і яна вельмі актуальная! Папа Ян звярнуўся да ўсіх людзей добрай волі з просьбай аб мірным вырашэнні ўсіх войнаў праз дыялог і раззбраенне. Гэта быў заклік, які выклікаў вялікую ўвагу ў свеце, далёка за межамі каталіцкай супольнасці, таму што ён тычыўся патрэбы ўсяго чалавецтва, якая існуе і сёння. Вось чаму я запрашаю вас чытаць і вывучаць Pacem in terris і ісці гэтым шляхам, каб абараняць і распаўсюджваць мір”, - параіў Францішак.

Папа заўважыў, што праз некалькі месяцаў пасля публікацыі гэтай энцыклікі іншы прарок нашага часу, Марцін Лютэр Кінг, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 1964 года, выступіў з гістарычнай прамовай, у якой сказаў: “У мяне ёсць мара”. “У амерыканскім кантэксце, моцна адзначаным расавай дыскрымінацыяй, ён дапамог усім марыць аб ідэі свету справядлівасці, свабоды і роўнасці. Ён сказаў: “У мяне ёсць мара: каб мае чацвёра маленькіх дзяцей аднойчы жылі ў краіне, дзе іх будуць ацэньваць не па колеры скуры, а па годнасці іх асобы”, - нагадаў Святы Айцец.

“Я заклікаю вас марыць аб вялікім, як Ян XXIII і Марцін Лютэр Кінг”, - сказаў моладзі Папа, запрашаючы сваіх гасцей прыняць удзел у Сусветных днях моладзі ў Лісабоне, дзе змогуць сустрэць шмат іншых хлопцаў і дзяўчын з усяго свету, аб’яднаных марай аб братэрстве, заснаваным на веры ў Бога, які з’яўляецца Супакоем, Айцом Езуса Хрыста і нашым Айцом.

Францішак пажадаў сваім гасцям добрага Адвэнту – “шляху, які складаецца з мноства маленькіх штодзённых мірных жэстаў: жэстаў гасціннасці, сустрэчы, разумення, блізкасці, прабачэння, служэння... Жэстаў, зробленых ад усяго сэрца, як крокі да Бэтлеема, да Езуса, які з’яўляецца Каралём супакою, больш за тое, Які сам з’яўляецца супакоем”, - сказаў Папа, заклікаючы юнакоў і дзяўчат, дзякуючы сваім ўчынкам станавіцца “паэтамі міру”.

 

28 лістапада 2022, 12:23