Святы Айцец павіншаваў сабрата са 100-гадовым юбілеем
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Скіроўваючы сваё пасланне да італьянскага святара ва ўрачыстасць Усіх Святых Пантыфік заўважыў, што “вялікай радасцю і сапраўдным духоўным суцяшэннем з’яўляецца магчымасць аб’яднаць юбілей з літургічным успамінам, узносячы падзяку Богу”. “Ён паклікаў Вас да цудоўнай жыццёвай прыгоды, якая ніколі не скончыцца, а таксама да быцця спадарожнікам Езуса, каб любіць і служыць ва ўсім”, - напісаў Папа.
Францішак адзначыў, што айцец Сабіна Мафэа на працягу доўгіх гадоў жыцця працаваў на розных адказных пасадах, некаторыя з якіх былі звязаны з Апостальскай Сталіцай: ён узначальваў Рымскую правінцыю езуітаў, займаў кіраўнічыя пасады на Ватыканскім радыё і ў Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі.
Пантыфік падкрэсліў, што супрацоўнікі ўзгадваюць айца Сабіна як “верную прыладу ў Божых руках”, чалавека радасці, міласэрнай любові і самаадданага служэння. Цяпер жа яму даверана місія “маліцца за Касцёл і ордэн”, - заўважыў Папа, нагадваючы словы святога Аўгустына пра тое, што малітва з’яўляецца “сілай чалавека і слабасцю Бога”.