Францішак уручыў Прэміі Ратцынгера за 2022 год
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У сваёй прамове Пантыфік нагадаў пра нядаўнюю 60-ю гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабору. Бэнэдыкт XVI асабіста ўдзельнічаў у асамблеі ў якасці эксперта і адыграў важную ролю ў генезісе некалькіх дакументаў. Пазней, падчас свайго пантыфікату, “ён дапамог паглыблена прачытаць саборныя дакументы, прапанаваўшы “герменеўтыку рэформы і пераемнасці”, а таксама канцэпцыю “жывога” Касцёла, які павінен перажывацца як камунія, заставацца адкрытым на місію абвяшчэння Евангелля і служэння свету.
Францішак шырока апісаў дзейнасць сёлетніх лаўрэатаў: ксёндз Мішэль Феду прысвяціў усё жыццё вывучэнню прац Айцоў Усходняга і Заходняга Касцёлаў і гісторыі развіцця хрысталогіі, а прафесар Вайлер стаў першым прадстаўніком іудзейскай рэлігіі, удастоеным Прэміі Ратцынгера; дагэтуль яна прысуджалася навукоўцам, якія належалі да розных хрысціянскіх канфесій.
Святы Айцец нагадаў аб тым, што Бэнэдыкт XVI заўсёды лічыў дыялог веры з сучасным грамадствам і пошук кансэнсусу ў фундаментальных каштоўнасцях і пераадоленні канфліктаў дзеля агульнага дабра цэнтральнымі для сябе тэмамі. Францішак лічыць гэта базісам, на якім іудзеі і хрысціяне могуць аб'яднацца, што з'яўляецца знакам вялікай надзеі.
Прэмію Ратцынгера ўручылі сёлета ў дванаццаты раз. Яе атрымліваюць за папулярызацыю тэалогіі ў сучасным свеце. Ініцыятарам узнагароды з’яўляецца Ватыканскі фонд імя Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI.