Францішак: мы не павінны забываць пра дзяцей Украіны
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Сустрэчы Папы з маленькімі пацыентамі ватыканскай медыцынскай структуры з нагоды калядных святаў ужо сталі традыцыяй. Перад нядзельнай малітвай Анёл Панскі Пантыфік завітаў у Залу Паўла VI, дзе яго чакалі дзеці, валанцёры, персанал дыспансеру і вялікі святочны торт – 17 снежня Пантыфік адзначыў сваё 86-годдзе.
Звяртаючыся да прысутных, Папа падзякаваў усім за гэты “дзень радасці, які рыхтуе нас да Божага Нараджэння”. “І мы не павінны забываць пра ўкраінскіх дзяцей, і вы, без сумневу, пра іх не забываеце!”, - сказаў ён, паказваючы на плакат з надпісам “Мір” і ўкраінскі сцяг.
“Многія дзеці пакутуюць з-за вайны, яны пакутуюць таксама ў іншых частках свету з-за несправядлівасці. І калі Пан дае нам гэтую радасць – святкаваць Божае Нараджэнне такім чынам, усе разам, у міры, давайце памятаць і пра тых, хто церпіць, і ўсе разам будзем маліцца за іх”, - дадаў у сваім кароткім прывітанні Наступнік святога Пятра.