Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра вайну ва Украіне і ролю рэлігій у навучанні міру

Святы Айцец асудзіў зброевую прамысловасць, а таксама нагадаў, што ва Украіне новыя ўзбраенні выпрабоўваюцца за кошт гібелі людзей.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак падзяліўся думкамі пра вайну ва Украіне і ролю рэлігійных супольнасцей у спрыянні міру падчас прыватнай сустрэчы з дэлегацыяй Лацінаамерыканскай рабінскай семінарыі з Аргенціны. Яна прайшла яшчэ 2 снежня 2022 года.

Папа прызнаўся, што вельмі пакутуе ад вайны ва Украіне, а таксама ад думкі пра тое, што гаворка ідзе пра трэці сусветны канфлікт за апошняе стагоддзе. Ён са шкадаваннем адзначыў, што, калі б на працягу года не выраблялася зброя, можна было б перамагчы голад у свеце.

Пантыфік адзначыў, што імперыя пачынае войну, калі слабее: “яна забівае, каб адчуваць сябе моцнай, а таксама, каб выкарыстаць зброю, якую трэба прадаць ці аддаць, каб вырабіць новую”. “Мне балюча бачыць, як выпрабоўваюцца тыя беспілотнікі, што кружылі над Украінай. Гэта новая зброя, якую яны выпрабоўваюць за кошт гібелі людзей”, - сказаў ён.

“Супраць культуры жорсткасці, прынцыпу “чалавек чалавеку – воўк”, мы павінны дзейнічаць, зыходзячы з нашай веры, з супольных святых кніг і даючы прыклад братэрства”, - дадаў ён.

Папа таксама звярнуў увагу на тое, што ёсць людзі, якія, разважаючы над яго словамі, лічаць яго “камуністам”, таму што ён “гаворыць пра сацыяльныя рэчы”, а не пра Бога. Пантыфік падкрэсліў, што Біблія вучыць пакланяцца Богу і служыць бліжнім.

“Той, хто толькі дапамагае, а не пакланяецца – добры атэіст, не больш за тое. Той, хто пакланяецца і не дапамагае – цынік, хлус. Гэтыя дзве рэчы ідуць разам. І за гэта трэба змагацца, каб наша вера ператваралася ў справы і каб нашы справы вялі да веры. Гэта кола”, - зазначыў Святы Айцец.

Лацінаамерыканская рабінская семінарыя – вядучы цэнтр юдэйскай духоўнасці і адукацыі ў Лацінскай Амерыцы. Яна была заснавана ў 1962 годзе ў Буэнас-Айрэс рабінам Маршалам Мэерам і мае аддзяленні ў Мантэвідэа і Сант’яга-дэ-Чылі.
 

05 снежня 2022, 09:21