Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: мы ўсе належым да аднаго ўразлівага чалавецтва

Я спадзяюся, што кожная хрысціянская супольнасць будзе адкрытая на прысутнасць сясцёр і братоў з абмежаванымі магчымасцямі, заўсёды гарантуючы іх прыняцце і поўнае ўключэнне, - адзначыў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

3 снежня 2022 года ў Ватыкане было абнародавана пасланне Францішка з нагоды Міжнароднага дня інвалідаў, які адзначаецца па ініцыятыве ААН. Ён падкрэсліў, што абвяшчэнне Евангелля не з’яўляецца задачай толькі для некаторых, але становіцца непазбежнай неабходнасцю для кожнага, хто перажыў сустрэчу і сяброўства з Езусам.

“Давер да Пана, адчуванне Яго пяшчоты, суцяшэнне ад Яго знаходжання з намі не з’яўляюцца прывілеямі для нямногіх ці прэрагатывай тых, хто атрымаў грунтоўную і працяглую фармацыю. Яго міласэрнасць асаблівым чынам могуць пазнаць і сустрэць тыя, хто не ўпэўнены ў сабе і адчувае патрэбу даверыцца Пану і дзяліцца са сваімі братамі і сёстрамі”, - нагадаў Францішак.

На думку Папы, гаворка ідзе пра “сапраўднае вучэнне ўразлівасці, якое, калі да яго прыслухацца, зробіць нашы грамадствы больш чалавечнымі і братэрскімі, прывядзе кожнага з нас да разумення таго, што шчасце – гэта хлеб, які нельга есці ў адзіноце”. “Наколькі ж усведамленне таго, што мы патрэбны адзін аднаму, дапамагло б нам мець менш варожыя адносіны з людзьмі, якія акружаюць нас! І як жа моцна сцвярджэнне, што нават народы не могуць збавіцца ў адзіночку, схіліла б нас да пошуку вырашэння бессэнсоўных канфліктаў, якія мы перажываем!”, - напісаў ён.

“Сёння мы хочам нагадаць пра пакуты ўсіх жанчын і мужчын з абмежаванымі магчымасцямі, якія жывуць ва ўмовах вайны або тых, хто з-за баёў вымушаны несці цяжар інваліднасці. Колькі людзей – ва Украіне і на іншых тэатрах ваенных дзеянняў – застаюцца ў пастцы ў месцах, дзе ідуць баявыя дзеянні, без шанцаў уратавацца? Ім трэба надаваць асаблівую ўвагу і ўсяляк спрыяць іх доступу да гуманітарнай дапамогі”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец адзначыў, што вучэнне ўразлівасці – гэта харызмат, якім браты і сёстры з абмежаванымі магчымасцямі, могуць узбагаціць Касцёл, бо іх прысутнасць “можа спрыяць перамяненню рэчаіснасці, у якой мы жывем, робячы яе больш гуманнай і больш гасціннай”.

Папа выказаў радасць з прычыны таго, што сінадальны працэс становіцца спрыяльнай нагодай, каб нарэшце пачуць і голас людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Водгук іх удзелу ў сінадальных дыскусіях быў адзначаны ў падрыхтоўчым дакуменце кантынентальнага этапу Сіноду, у якім згадваецца пра адсутнасць адпаведных структур і спосабаў інтэграцыі людзей з абмежаванымі магчымасцям, а таксама гучыць заклік да пераадолення розных форм дыскрымінацыі і забабонаў, якія “ўзнікаюць невыпадкова, а маюць агульны корань: веру ў тое, што жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі вартае менш, чым жыццё іншых”.

“Перш за ўсё, Сінод сваім запрашэннем ісці разам і слухаць адзін аднаго дапамагае нам зразумець, што ў Касцёле – таксама ў адносінах да людзей з абмежаванымі магчымасцямі – няма нас і іх, але толькі мы, з Езусам Хрыстом у цэнтры, дзе кожны прыносіць свае дары і свае абмежаванні”, - напісаў Папа. “Таму я спадзяюся, што кожная хрысціянская супольнасць будзе адкрытая на прысутнасць сясцёр і братоў з абмежаванымі магчымасцямі, заўсёды забяспечваючы іх прыняцце і поўнае ўключэнне”, - дадаў ён.

“Мы пераконваемся, што гэта стан, які датычыцца нас, а не іх, калі інваліднасць, часовая або ў выніку натуральнага працэсу старэння, закранае нас ці кагосьці з нашых блізкіх. У гэтай сітуацыі мы пачынаем глядзець на рэчаіснасць новымі вачыма і разумеем неабходнасць разбурыць і тыя бар’еры, якія раней здаваліся нязначнымі. Аднак усё гэта не адмяняе ўпэўненасці ў тым, што любая інваліднасць – часовая, набытая або пастаянная – ніякім чынам не змяняе нашай прыроды як дзяцей аднаго Айца і не парушае нашай годнасці. Пан любіць усіх нас аднолькавай пяшчотнай, бацькоўскай і безумоўнай любоўю”, - зазначыў Пантыфік.

03 снежня 2022, 12:24