Пошук

Папа на сустрэчы з Рымскай курыяй Папа на сустрэчы з Рымскай курыяй 

Папа да Рымскай курыі: будзьце пільнымі, бо зло вяртаецца

У звароце да членаў Рымскай курыі з нагоды свята Божага Нараджэння Францішак нагадаў аб тым, што трэба заўсёды быць удзячнымі Богу за Яго міласць і не думаць, што яны больш не маюць патрэбы ў навяртанні. Акрамя таго, Папа зноў казаў пра Украіну і іншыя войны і заклікаў усяляк спрыяць міру.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Абменьваючыся 22 снежня 2022 года традыцыйнымі віншаваннямі са сваімі бліжэйшымі супрацоўнікамі, Францішак звярнуўся да іх з прамовай, у якой падзяліўся думкамі аб трох дарах Божага Нараджэння, якімі з'яўляюцца ўдзячнасць, навяртанне і супакой.

У сваёй прамове ён паразважаў пра тое, што нараджэнне Езуса ў простых, бедных яслях з'яўляецца ўрокам бачання рэчаў такімі, якія яны ёсць на самай справе, і папрасіў сваіх слухачоў "вярнуцца да таго, што істотна ў нашым уласным жыцці, адкінуць усё лішняе і патэнцыйнае шкоднае на шляху святасці".

Папа заклікаў іх да ўдзячнасці, якую ён назваў самым важным унутраным станам. "Толькі калі мы ўсведамляем дабро, якое зрабіў нам Пан, мы можам назваць па імені і зло, якое мы перажылі або зведалі. Усведамленне нашых бедстваў без усведамлення Божай любові растаптала б нас", - сказаў Папа, падкрэсліваючы важнасць падзякі, без пастаяннай праявы якой мы рызыкуем упусціць з-пад увагі тое, што важней за ўсё: ласку, якую Пан даруе нам кожны дзень. Пантыфік прывёў прыклад з Евангелля, у якім гаворыцца аб аздараўленні дзесяцёх пракажоных, з якіх толькі адзін вярнуўся, каб падзякаваць. Акрамя фізічнага аздараўлення, ён атрымаў таксама і “поўнае збаўленне”.

Разважаючы аб багатым падзеямі годзе, Святы Айцец выказаў спадзяванне, што сярод добрых падзей, за якія мы хочам падзякаваць Богу, ёсць таксама і наша навяртанне. Бо горшае, што можа з намі здарыцца, - гэта меркаванне, што мы “больш не маем патрэбы ў навяртанні, ні як асобы, ні як супольнасці”. "Навяртацца - значыць вучыцца ўсё больш сур'ёзна ўспрымаць Евангельскае пасланне і спрабаваць укараняць яго ў жыццё. Не проста трымацца падалей ад зла, але рабіць дабро”, - адзначыў Святы Айцец.

"Калі справа тычыцца Евангелля, мы заўсёды падобныя да дзяцей, якім трэба вучыцца. Ілюзія таго, што мы навучыліся ўсяму, прымушае нас упадаць у духоўную ганарыстасць".

У гэтым кантэксце Папа нагадаў пра шасцідзясятую гадавіну Другога Ватыканскага Сабора, які стаў “вялікай падставай для навяртання ўсяго Касцёла”,"спробай больш поўна зразумець Евангелле і зрабіць яго актуальным, жывым і эфектыўным у наш час", аб чым святы Ян XXIII казаў: “Гэта не Евангелле змяняецца, а мы пачынаем лепш яго разумець”.

Па словах Францішка, і ў наш час супольнасць вернікаў таксама паклікана да навяртання, і з гэтага пераканання ў неабходнасці лепш зразумець пасланне Хрыста нарадзілася ідэя сінадальнасці.

Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць пільнасці, папярэдзіўшы прысутных, што было б наіўна думаць, што зло назаўжды выкаранена, бо "у хуткім часе яно зноў вяртаецца пад новым абліччам". Раней зло здавалася грубым і жорсткім, цяпер яно элегантнае і вытанчанае, такія элегантныя дэманы ўваходзіць ціха, без нашага ведама. Мы павінны ўсведамляць гэта і выкрываць зло. Толькі штодзённая практыка праверкі сумлення можа дазволіць нам усведамляць яго, - сказаў Папа.

Ён звярнуў увагу на тое, што сапраўднай праблемай з'яўляецца тое, што навяртанне не толькі дазваляе нам адрозніваць дабро ад зла, але таксама падахвочвае зло развівацца, станавіцца падспудней, каб нам зноў станавілася цяжка яго распазнаць. Таму гаворка ідзе аб сапраўднай барацьбе. "Наша першачарговая вялікая праблема ў тым, што мы занадта шмат спадзяемся на саміх сябе, на нашы стратэгіі і планы”, – сказаў Папа, перасцерагаючы ад спакусы думаць, што "мы ў бяспецы, лепш за іншых, больш не маем патрэбу ў навяртанні". Ён адзначыў, што спадзявацца трэба на Пана і заклікаў прысутных заўсёды ставіць Хрыста ў цэнтр.

Заключную частку сваёй прамовы Францішак прысвяціў тэме міру. "Яшчэ ніколі мы не адчувалі такога вялікага імкнення да міру, як у гэты момант. Ніколі. Я маю на ўвазе шматпакутную Украіну, але таксама шматлікія іншыя канфлікты, якія працягваюцца ў розных частках свету. Вайна і насілле – гэта заўсёды катастрофа. Рэлігія ніколі не павінна спрыяць распальванню канфліктаў. Евангелле - гэта заўсёды Евангелле супакою,» – сказаў ён, дадаючы, што там, дзе пануюць смерць, пакуты і боль, "можна распазнаць укрыжаванага Езуса".

Святы Айцец падкрэсліў, што культура міру будуецца не толькі паміж народамі, але пачынаецца ў сэрцы кожнага з нас". "Як бы мы ні пакутавалі ад распаўсюджвання войнаў і гвалту, мы можам і павінны ўнесці свой уласны ўклад у справу міру, імкнучыся выкараніць з нашых сэрцаў усю нянавісць і крыўду".

"Калі мы сапраўды хочам, каб грукат вайны спыніўся, саступіўшы месца міру, тады кожны з нас павінен пачаць з сябе", – сказаў ён, нагадваючы аб тым, што існуе не толькі ўзброенае насілле, але і вербальнае, псіхалагічнае насілле, злоўжыванні ўладай і плёткі.

Папа заклікаў скласці ўсю зброю. «Каб ніхто не выкарыстоўваў сваё становішча і пасаду для таго, каб забіваць іншых», – заклікаў Папа кіраўнікоў Рымскай курыі, нагадваючы аб дабрыні, міласэрнасці і прабачэнні.

22 снежня 2022, 13:42