Папа: каб сустрэць нараджэнне Езуса, трэба стаць малымі, як Бог
Аляксандр Панчанка – Vatican News
3 снежня 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі афіцыйныя дэлегацыі з Сутрыа, што ў італьянскім рэгіёне Фрыулі-Венецыя-Джулія, з Разэла ў рэгіёне Абруца і Гватэмалы, адкуль сёлета былі даслаўлены ў Ватыкан святочныя яслі і ёлка.
Выказаўшы ўдзячнасць за дары, Пантыфік заўважыў, што гэтыя два сімвалы, “працягваюць захапляць маладых і старых”. У прыватнасці ён падкрэсліў, што чалавеку, як і дрэвам, патрэбны карані, бо “толькі тое, што ўкаранёнае ў добрую глебу, становіцца моцным, расце, саспявае, супрацьстаіць вятрам і становіцца арыенцірам для іншых. “Без моцнага фундамента чалавек застаецца хісткім. У жыцці, як і ў веры, важна шанаваць карані”, сказаў Папа, заклікаючы сваіх гасцей заставацца “ўкаранёнымі ў Езусе Хрысце”.
Святы Айцец заўважыў, што святочныя яслі, у сваю чаргу, кажуць нам пра жаданне Бога быць побач з кожным чалавекам і нагадваюць як Ён прыйшоў у свет. “У сваёй сапраўднай беднасці яслі дапамагаюць нам нанова адкрыць для сябе сапраўднае багацце Божага Нараджэння і ачысціцца ад многіх аспектаў, якія забруджваюць калядны краявід. Простыя і знаёмыя, яслі нагадваюць пра Божае Нараджэнне, цалкам адрознае ад спажывецкага і камерцыйнага. Яны нагадваюць наколькі карысна захоўваць хвіліны цішыні і малітвы ў нашы дні, часта пазначаныя мітуснёй. Цішыня спрыяе сузіранню Дзіцятка Езуса, дапамагае наблізіцца да Бога, да ласкавай прастаты маленькага Нованароджанага, да пакоры, з якой Ён быў складзены, да пяшчотнай ласкавасці пялюшкаў, у якія быў спавіты”, - дадаў Папа, заклікаючы сваіх гасцей стаць духоўна малымі, каб па-сапраўднаму сустрэць Езуса, адкрыць для сябе Яго там, дзе Ён нарадзіўся.