Пошук

Сустрэча Папы з прадстаўнікамі няўрадавай арганізацыі Leaders pour la Paix Сустрэча Папы з прадстаўнікамі няўрадавай арганізацыі Leaders pour la Paix 

Папа: патрэбны выхад за межы звычайных схем міжнародных адносін

Быць лідарам міру ў часы, якія мы зараз перажываем, – гэта вялікая адказнасць, а не проста абавязацельства, - звярнуў увагу прадстаўнікоў няўрадавай арганізацыі Leaders pour la Paix Францішак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На думку Папы, самай сур’ёзнай небяспекай сёння з’яўляецца “адсутнасць волі будаваць мір”. Мір патрабуе форм згоды, сумесных каштоўнасцей і адукацыі. Не менш важным з’яўляецца “выхад за межы звычайных схем міжнародных адносін”.

“Мы не можам забывацца, што ахвяраванне чалавечымі жыццямі, пакуты насельніцтва, бяздумнае разбурэнне грамадзянскіх збудаванняў, парушэнне прынцыпу гуманнасці не з'яўляюцца “пабочнымі эфектамі” вайны, гэта міжнародныя злачынствы”, - падкрэсліў Пантыфік 2 снежня 2022 года на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Ён перакананы ў тым, што “выкарыстанне зброі для вырашэння канфліктаў – прыкмета слабасці”, а перамовы і пасрэдніцтва ў прымірэнні патрабуюць мужнасці. Мужнасць – гэта ўменне не ставіць сябе вышэй за іншых, супрацьстаяць прычынам канфлікту, адмовіцца ад інтарэсаў і планаў гегемоніі.

Францішак запрасіў глыбей паглядзець на праблематыку міру: тут патрэбна ініцыяванне і падтрымка працэсаў развіцця, накіраваных на ліквідацыю беднасці, перамога над голадам, гарантаванне аховы здароўя і клопату, абарона планеты, падтрымка асноўных правоў і пераадоленне дыскрымінацыі, выкліканай мабільнасцю чалавека. Толькі дзякуючы такому падыходу, перакананы Папа, “мір стане сінонімам годнасці для кожнага”.
 

02 снежня 2022, 11:46