Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа просіць аб амністыі для вязняў у сувязі з Божым Нараджэннем

Святы Айцец даслаў кіраўнікам дзяржаў віншаванні з Божым Нараджэннем, просячы іх праявіць літасць да людзей, якія знаходзяцца ў турмах.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У сувязі з набліжэннем Божага Нараджэння папа Францішак скіраваў ліст да ўсіх кіраўнікоў дзяржаў, заклікаючы іх праявіць літасць да тых братоў і сясцёр, пазбаўленых свабоды, якія, па іх меркаванні, могуць скарыстацца такой мерай, каб гэты час – пазначаны напружанасцю, несправядлівасцю і канфліктамі – адкрыўся на ласку, што паходзіць ад Пана”, - гаворыцца ў паведамленні, якое 12 снежня 2022 года абнародавала Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

У 2000 годзе да такога рашэння заклікаў палітычных лідараў святы Ян Павел ІІ. Яго ініцыятыва была прымеркавана да Юбілейнага года і знайшла адлюстраванне на старонках асобнага папскага дакумента пад назвай Юбілей у турмах. Пантыфік апублікаваў яго праз тыдзень пасля візіту ў рымскую турму Regina Coeli, дзе прасіў кампетэнтныя ўлады скараціць тэрмін пакарання зняволеным, каб даць ім магчымасць пачаць новае жыццё па-за турэмнымі мурамі. У 2002 годзе Ян Павел ІІ паўтарыў свой заклік падчас афіцыйнага візіту ў італьянскі парламент.

Францішак часта звяртае ўвагу на сітуацыю вязняў. Адным з традыцыйных жэстаў яго пантыфікату стала наведванне турмаў і малітва з вязнямі ў Вялікі чацвер. Падчас Юбілею Міласэрнасці, у лістападзе 2016 года, Папа ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў ватыканскай базыліцы, у якой бралі ўдзел сотні людзей, якія адбывалі пакаранне ў турмах. Тады ён таксама заклікаў кіраўнікоў дзяржаў аб'явіць амністыю для зняволеных, якія, на іх думку, могуць скарыстацца гэтай мерай.

13 снежня 2022, 12:03