Папа прыме ўдзел у Імшы ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Эўхарыстыя пройдзе ў ватыканскай базыліцы святога Пятра, пры ўдзеле кардыналаў, біскупаў, святароў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў з краін Лацінскай Амерыкі. Яе будуць цэлебраваць на іспанскай мове.
Упершыню ўрачыстая Імша ва ўспамін Маці Божай Гвадэлупскай прайшла ў Ватыкане ў 2011 годзе. Яе ўзначаліў Бэнэдыкт XVI з нагоды 200-годдзя незалежнасці краін Лацінскай Амерыкі. Францішак бярэ ўдзел у літургіі кожны год з моманту свайго абрання.
Маці Божая Гвадэлупская з’яўляецца апякункай усяго “лацінаамерыканскага свету”. Яе цудатворны абраз захоўваецца ў аднайменным санктуарыі ў Мехіка. Штогадова храм наведваюць каля 14 мільёнаў пілігрымаў з розных частак свету. Францішак маліўся тут 13 лютага 2016 года, падчас свайго апостальскага падарожжа ў Мексіку.