Папа прыняў французскага акцёра, які хоча перайсці ў каталіцтва
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На сваім сайце Эльмалех напісаў, што меў “гонар і вялікую радасць сустрэцца з Папам у Ватыкане”. Ён падкрэсліў, што гэты момант назаўсёды застанецца ў яго сэрцы і памяці, і што гэта была больш сустрэча, чым аўдыенцыя.
У інтэрв'ю французскай Le Figaro акцёр прызнаўся: “мы размаўлялі на глыбокія і сур'ёзныя тэмы, але пры гэтым шмат смяяліся”. Ён дадаў, што рыхтаваўся да сустрэчы, але загадзя прадуманы сцэнарый “разваліўся”, і прыйшлося даверыцца сэрцу. Пасля паказу Папу здымкаў з фільма Reste un peu, размова зайшла пра братэрства паміж народамі і пра міжрэлігійны дыялог. Калі яны развітваліся, Францішак папрасіў яго: “Маліся за мяне, бо мая праца нялёгкая”.
Гад Эльмалех – адзін з самых папулярных і паважаных сучасных французскіх акцёраў. У пачатку лістапада ён абвясціў аб рашэнні неўзабаве прыняць каталіцкую веру, прызнаючыся ў тым, што Маці Божая стала яго “найцудоўнейшай любоўю” і адыграла ключавую ролю ў яго навяртанні. Жонка 51-гадовага творцы – Шарлота Казірагі – дачка прынцэсы Манака Караліны; у іх ёсць сын Рафаэль.
Працэс навяртання Эльмалеха на каталіцтва апісаны ў яго апошнім фільме Reste un peu (Застанься на некаторы час). Прэм'ера адбылася ў Францыі 16 лістапада 2022 года, з таго часу яго ўбачылі каля 400 тысяч гледачоў. Акцёр вывучаў тэалогію ў Парыжы, а ў 2019 годзе выступіў у Лондане ў мюзікле аб жыцці святой Бернадэт Субіру, якой Марыя аб’явілася ў Лурдзе ў 1858 годзе.
У фільме Reste un peu здымаюцца сапраўдныя бацькі Гада, якія былі не вельмі “задаволены” рашэннем сына змяніць рэлігію, але вырашылі яго падтрымаць. У тэлепраграме L'invité, якая выйшла 9 лістапада 2022 года, Эльмалех прызнаўся, што яго выбар “з'яўляецца духоўным і рэлігійным шляхам, а фільм – гэта сумесь выдумкі і рэальнасці”. Гэта “пошук, у якім я пытаюся ў сябе, дзе, калі і кім ёсць Бог, калі Яго няма”. Ён дадаў: “Дзева Марыя кліча мяне і абараняе”.
Акцёр таксама згадаў, што ўпершыню ўбачыў вобраз Багародзіцы “маленькім дзіцём у Марока, у Касабланцы, дзе жылі хрысціяне, яўрэі, мусульмане, у краіне, якая з'яўляецца прыкладам неверагоднага братэрства, але ў той жа час дзе існуе пэўнае табу на хрысціянства і цэрквы”. Будучы неафіт не мог уваходзіць у храмы: “мне забаранялі; але калі мне было гадоў 6-7, я ўвайшоў у адзін з іх і сказаў сабе: “Тут нядрэнна, чаму мне забараняюць?”. Я пачаў плакаць і схаваўся, баючыся, што мяне ўбачаць родныя і будуць спрэчкі і падазрэнні. Усё дзяцінства я трымаў гэта ў сакрэце”.
У канцы той размовы на французскім тэлебачанні акцёр выказаў надзею на тое, што фільм выкліча ў будучых гледачоў “некаторыя пытанні”, адзначыўшы, што ён “па сутнасці” “пра сведчанне і гісторыю любові”.