Папа ўзначаліць Імшу ў гонар Маці Божай Гвадэлупскай
Марыя Валодзіна - Vatican News
Урачыстая Эўхарыстыя пройдзе 12 снежня 2022 года ў 18.00 у базыліцы святога Пятра. У гэты дзень адзначаецца літургічны ўспамін нябеснай апякункі Амерыкі і Філіпін – Найсвяцейшай Панны Марыі Гвадэлупскай.
У 17.30 урачыстасць распачнецца ружанцовай малітвай, якая будзе суправаджацца спевамі хора Сікстынскай капэлы, а таксама хораў Папскіх пабожных калегіумаў – лацінаамерыканскага і мексіканскага.
Як гаворыцца ў паведамленні, католікі ўсяго амерыканскага кантынента закліканы зноў адкрыць для сябе глыбокі сэнс Хрыста праз прысутнасць Марыі на гэтых землях.
На ўрачыстую літургію запрашаюцца выхадцы з краін амерыканскага кантынента, якія жывуць у Італіі, а таксама тыя, хто знаходзяцца ў гэты дзень у Рыме ў якасці турыстаў або пілігрымаў. Вернікам, якія жадаюць прыняць удзел у святой Імшы, неабходна падаць заяўку ў Прэфектуру папскага дома.