Пошук

Францішак падчас Першых Нешпараў урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі Францішак падчас Першых Нешпараў урачыстасці Святой Багародзіцы Марыі  

Папа з удзячнасцю ўзгадаў Бэнэдыкта XVI і пажадаў усім дабрыні

31 снежня 2022 года Пантыфік узначаліў у ватыканскай базыліцы Нешпары і гімн Te Deum у падзяку за мінулы год.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У гаміліі Пантыфік адзначыў, што, “калі Бог стаў чалавекам, Ён не зрынуўся з вышыні нябеснай, а нарадзіўся ад Марыі”. Нарадзіўся ад жанчыны, ад яе плоці. Бог не выкарыстоўваў яе, а папрасіў на гэта яе згоды. З яе распачаўся “павольны шлях цяжарнасці чалавецтва, вольнага ад граху і поўнага ласкі і праўды, поўнага любові і вернасці”.

Бог выбраў гэты шлях, каб увайсці ў свет і гісторыю. Гэты шлях, на думку Папы, раскрывае вялікую павагу Бога да нашай свабоды: Ён не хоча ратаваць нас без нашага ўдзелу. Ён запрашае нас ісці за ім па гэтым шляху, каб разам ствараць новае, свабоднае, мірнае чалавецтва. Гэта стыль, з якога выцякаюць шматлікія чалавечыя цноты добрага і годнага суіснавання. Адной з такіх цнотаў з'яўляецца дабрыня як лад жыцця, які спрыяе братэрству і сацыяльнаму сяброўству.

Разважаючы аб дабрыні, Францішак звярнуўся ў думках да “дарагога Папы-эмерыта Бэнэдыкта XVI, які сёння раніцай пакінуў нас”. “З хваляваннем” ён узгадаў “высакародную, добрую асобу” спачылага. “Мы адчуваем у сэрцы ўдзячнасць: удзячнасць Богу за тое, што Ён падарыў яго Касцёлу і свету, удзячнасць за ўсё дабро, якое ён здзейсніў, і перш за ўсё, за яго сведчанне веры і малітвы”, асабліва ў апошнія гады жыцця. “Толькі Бог ведае каштоўнасць і сілу яго заступніцтва, яго ахвяр, прынесеных на карысць Касцёла”, - сказаў Францішак.

На думку Пантыфіка, “дабрыня – важны фактар культуры дыялогу”, а дыялог неабходны для таго, каб жыць у міры, як браты, якія хоць і не заўсёды ладзяць, але размаўляюць адзін з адным, слухаюць адзін аднаго, спрабуюць зразумець адзін аднаго і пайсці насустрач. Папа заклікаў падумаць, "як выглядаў бы наш свет без цярплівага дыялогу шматлікіх велікадушных людзей, якія з’ядналі сем’і і супольнасці. У адрозненне ад непаразуменняў і канфліктаў, трывалы і адважны дыялог не становіцца навіной, але ціха дапамагае свету жыць значна лепей, чым мы сабе ўяўляем”. Дабрыня - гэта частка дыялогу. Гэта не пытанне "этыкету", галантнасці. Гэта цнота, якую трэба практыкаваць кожны дзень, ісці супраць плыні і ачалавечваць наша грамадства.

Святы Айцец папярэдзіў ад спажывецкага індывідуалізму, сур'ёзная шкода якога заключаецца ў тым, што людзі вакол нас успрымаюцца як перашкоды для нашага спакою, нашага камфорту. Яны замінаюць нам, адымаюць у нас час і рэсурсы, неабходныя для таго, каб рабіць тое, што нам падабаецца. Індывідуалістычнае і спажывецкае грамадства мае тэндэнцыю быць агрэсіўным, таму што іншыя людзі з'яўляюцца канкурэнтамі. Тым не менш, у гэтых грамадствах, нават у самых складаных сітуацыях, ёсць людзі, якія “праяўляюць дабрыню і становяцца зоркамі, што ззяюць сярод цемры”.

Спасылаючыся на святога Паўла, які апісвае дабрыню, ужываючы грэцкае слова chrestótes (Гал 5, 22), Францішак адзначыў, што пад дабрынёй трэба разумець добразычлівае стаўленне, якое падтрымлівае і суцяшае іншых, пазбягаючы ўсякай рэзкасці і цвёрдасці.

Дабрыня – гэта проціяддзе ад некаторых паталогій нашых грамадстваў: ад жорсткасці, якая часам пранікае ў чалавечыя адносіны; ад страху і няўважлівай паспешлівасці, якія прымушаюць нас засяродзіцца на сабе і перашкаджаюць думаць пра іншых. Гэтыя "паталогіі" робяць нас агрэсіўнымі і няздольнымі прасіць дазволу або прабачэння ці проста сказаць "дзякуй". І таму, калі на вуліцы, у краме, у офісе мы сустракаем добрага чалавека, мы здзіўляемся, гэта здаецца нам маленькім цудам, таму што, на жаль, дабрыня ўжо не вельмі распаўсюджаная. “Але ёсць яшчэ добрыя людзі, якія гатовы адкласці ўсе свае тэрміновыя справы ў бок, каб звярнуць на кагосьці ўвагу, падараваць усмешку, сказаць спагаднае слова”, - зазначыў Францішак.

Віншуючы вернікаў з Новым годам, Святы Айцец пажадаў усім дабрыні: “Дарагія браты і сёстры, я думаю, што аднаўленне дабрыні як асабістай і грамадзянскай цноты можа дапамагчы ў паляпшэнні жыцця ў сем'ях, супольнасцях, гарадах.”

31 снежня 2022, 17:45