Святы Айцец заклікаў да міру на Каўказе, у Перу і ва Украіне
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Я занепакоены сітуацыяй, якая склалася ў Лачынскім калідоры на паўднёвым Каўказе. У прыватнасці, мяне непакоіць дрэннае гуманітарнае становішча насельніцтва, якое пагражае яшчэ больш пагоршыцца зімой. Я прашу ўсе зацікаўленыя бакі ўзяцца за пошук мірных рашэнняў дзеля дабра людзей”, - сказаў Францішак.
“Молімся таксама за мір у Перу, каб спынілася насілле ў гэтай краіне і каб быў абраны шлях дыялогу для пераадолення палітычнага і грамадскага крызісу”, - дадаў Папа.
“Просім Панну Марыю, да сузірання якой нас запрашае літургія ў гэту чацвёртую нядзелю Адвэнту, каб дакранулася да сэрцаў тых, хто можа спыніць вайну ва Ўкраіне. Не будзем забывацца на пакуты гэтага народа, асабліва дзяцей, старых і хворых”, - заклікаў Святы Айцец.