Прэм’ер-міністр Славеніі з візітам у Ватыкане
Аляксандр Панчанка – Vatican News
17 снежня 2022 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі Роберта Голаба, Прэм’ер-міністра Рэспублікі Славенія, які затым сустрэўся з кардыналам П’етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром, у суправаджэнні арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера, Сакратара па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
У ходзе сардэчных перамоў у Дзяржсакратарыяце была дадзена высокая адзнака добрым двухбаковым адносінам і выказаны намер працягваць развіваць супрацоўніцтва ў галінах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Акрамя таго, быў адзначаны станоўчы ўклад Каталіцкага Касцёла ў славенскае грамадства, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
У працяг размовы былі закрануты розныя міжнародныя тэмы, у тым ліку пашырэнне Еўрасаюза ў краіны Заходніх Балкан, сітуацыя ва Украіне і яе ўплыў на рэгіён.