Святы Айцец сустрэўся з жонкамі і маці ўкраінскіх палонных
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Гэты ручнік увасабляе сілу і надзею ўкраінскіх жанчын. Яны не здаюцца, нягледзячы на тое, што іх мужы і сыны знаходзяцца ў расійскім палоне” - так супрацоўніца пасольства Украіны пры Апостальскай Сталіцы Ірына Скаб прадставіла журналістам ватыканскага выдання L’Osservatore Romano падарунак, які атрымаў Папа.
28 снежня 2022 года восем украінскіх жанчын прынялі ўдзел у агульнай аўдыенцыі, падчас якой падарылі Святому Айцу плён сваіх рук. Ініцыятыва мае на мэце прыцягнуць увагу да праблем зняволеных.
Украінкі зрабілі вышыўку чырвонымі і чорнымі ніткамі на ручніку з больш чым стогадовага нябеленага льнянога палатна. Арнамент складаецца з выяваў фігурак людзей, якія трымаюцца за рукі. Жанчыны спецыяльна пакінулі палатно шэрым, каб перадаць стан сваёй душы. Свой дар яны назвалі “ручніком-малітвай”.
Пантыфіку быў перададзены таксама спіс з імёнамі і фотаздымкамі палонных, і медыцынскі халат з выявай калючага дроту, які сімвалізуе палонных медыкаў марыупальскага ваеннага шпіталя. Не менш сімвалічным стаў яшчэ адзін падарунак: карціна Украіна пераможа, намаляваная 11-гадовым Максімам Броўчанкам з разладам аўтыстычнага спектру. Ён родам з акупаванага Бярдзянска, з якога быў вымушаны ўцячы разам з маці. Хлопчык, якога называюць “маленькім украінскім Пікаса”, намаляваў надзею: мужчыну і жанчыну, якія абдымаюцца на жоўта-блакітным фоне.