Пошук

Аўдыенцыя для групы людзей з абмежаванымі магчымасцямі Аўдыенцыя для групы людзей з абмежаванымі магчымасцямі 

Пантыфік: інклюзіўнасці не можа быць без братэрства

Кожны раз, калі хрысціянская супольнасць ператварае абыякавасць у блізкасць і адчужанасць у прыналежнасць, яна выконвае сваю прароцкую місію, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

3 снежня 2022 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі групу людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія прыбылі ў Ватыкан разам з біскупам Джузэпэ Батуры, старшынёй Канферэнцыі Біскупаў Італіі. Сустрэча была прымеркавана да Міжнароднага дня інвалідаў, які адзначаецца ва ўсім свеце з 1992 года па ініцыятыве Генеральнай Асамблеі ААН.

“Спрыяць прызнанню годнасці кожнага чалавека – гэта нязменны абавязак Касцёла: гэта місія заключаецца ў тым, каб працягваць у часе блізкасць Езуса Хрыста да кожнага мужчыны і жанчыны, асабліва да тых, хто найбольш уразлівы і безабаронны”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што грамадзянская і касцёльная супольнасці абавязаны прымаць людзей з абмежаванымі магчымасцямі і адказваць на іх патрэбы, бо чалавек “нават калі яго розум або яго сэнсарныя і інтэлектуальныя здольнасці пашкоджаны, застаецца цалкам чалавечым суб’ектам, са святымі і неад’емнымі правамі, уласцівымі кожнаму чалавечаму стварэнню”.

“Такім быў позірк Бога на людзей, якіх Ён сустракаў: позірк пяшчотны і міласэрны, перш за ўсё да тых, хто быў пазбаўлены ўвагі магутных і нават рэлігійных уладаў свайго часу. Таму кожны раз, калі хрысціянская супольнасць ператварае абыякавасць у блізкасць і адчужанасць у прыналежнасць, яна выконвае сваю прароцкую місію”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што “недастаткова абараняць правы людзей; неабходна працаваць, каб адказаць таксама на іх экзістэнцыяльныя патрэбы ў розных вымярэннях: цялесным, псіхічным, сацыяльным і духоўным”.

“Фактычна, кожны мужчына і кожная жанчына, у якім бы становішчы яны ні апынуліся, з’яўляюцца носьбітамі не толькі правоў, якія павінны быць прызнаныя і гарантаваныя, але і яшчэ больш глыбокіх патрэб, такіх як патрэба быць прыналежнымі, мець адносіны і развіваць духоўнае жыццё да такой ступені, каб спазнаць паўнату жыцця і благаслаўляць Пана за гэты непаўторны і цудоўны дар”, - сцвердзіў ён.

Францішак адзначыў, што стварэнне і падтрымка інклюзіўных супольнасцей прадугледжвае “ліквідацыю ўсякай дыскрымінацыі і задавальненне патрэбы кожнага чалавека ў адчуванні сябе прызнаным і прыналежным”. Ён заўважыў, што інклюзіўнасці не можа быць, калі адсутнічае братэрства і адзінства; калі яна застаецца лозунгам, формулай для паліткарэктных выступаў, сцягам, які трэба мець; калі няма навяртання ў звычаях суіснавання і адносін.

Папа падкрэсліў, што недастаткова толькі стварыць камфортныя ўмовы для людзей з інваліднасцю: “неабходна спрыяць духоўнасці еднасці, каб кожны адчуваў сябе часткай адзінага”, бо “толькі такім чынам кожны чалавек, з яго абмежаваннямі і талентамі, будзе адчуваць сябе заахвочаным рабіць свой уклад у дабро ўсяго касцёльнага і грамадскага цела”.

“Жадаю, каб усе хрысціянскія супольнасці былі месцамі, дзе “прыналежнасць” і “інклюзіўнасць” не застаюцца словамі, якія трэба прамаўляць у пэўных выпадках, але становяцца мэтай звычайнай душпастырскай дзейнасці. Такім чынам мы зможам быць пераканаўчымі, калі абвяшчаем, што Пан любіць усіх, што Ён збаўленне для ўсіх і запрашае ўсіх да стала жыцця, нікога не выключаючы”, - сказаў Пантыфік.

“Дарагія браты і сёстры, у гэты час, калі мы кожны дзень чуем ваенныя зводкі, ваша сведчанне з’яўляецца канкрэтным знакам міру, знакам надзеі на больш гуманны і братэрскі свет. Ідзіце наперад па гэтым шляху! Шчыра благаслаўляю вас і малюся за вас. І вы таксама, калі ласка, маліцеся за мяне. Дзякуй!”, - сказаў на заканчэнне прамовы Святы Айцец.
 

03 снежня 2022, 11:23