Францішак да канонікаў: няхай Евангелле будзе вашым падручнікам
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
13 студзеня 2023 года Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі Канфедэрацыі рэгулярных канонікаў святога Аўгусціна, якая была заснавана ў 1959 годзе святым Янам XXIII.
Пантыфік нагадаў, што роля Канфедэрацыі – аб’ядноўваць розныя галіны Ордэна “ў повязі міласэрнасці, цэнячы евангельскае значэнне харызмы”, дапамагаючы адно аднаму “ў духоўным вымярэнні, выхаванні моладзі, пастаяннай фармацыі і прасоўванні культуры”.
“Мы не павінны задавальняцца археалагічнай памяццю, бо яна ператварае нас у музейныя экспанаты, вартыя, магчыма, захаплення, але не пераймання”, - заўважыў Францішак. Ён лічыць, што памяць, наадварот, павінна дапамагаць “паўнавартасна і без страху жыць сучаснасцю, каб з новай надзеяй адкрыцца на будучыню”.
“Няхай Евангелле будзе вашым падручнікам, каб, пазбягаючы спакусы ўпасці ў ідэалогію, яно заўсёды заставалася для вас духам і жыццём. Евангелле пастаянна вяртае нас да таго, каб паставіць Хрыста ў цэнтр нашага жыцця і місіі”, - заахвоціў Папа.
Ён спаслаўся на грэчаскае слова koinonia, ад якога бярэ назву Ордэн, і заклікаў сваіх гасцей “адчуваць сябе будаўнікамі, ткачамі братэрства”.
“Шукайце Пана ў руплівым чытанні Святога Пісання, на старонках якога гучаць Хрыстус і Касцёл. (...) Шукайце Яго таксама ў рэчаіснасці нашага часу, ведаючы, што нішто чалавечае не можа быць для нас староннім і што, вольныя ад усяго мірскога, мы можам ажыўляць свет закваскай Божага Валадарства”, - звярнуўся ён.
Францішак пажадаў канонікам, каб сустрэча адно з адным і з Наступнікам Пятра дапамагла ім пераасэнсаваць харызму Ордэна і “ўмацаваць еднасць жыцця па прыкладзе першапачатковай апостальскай супольнасці”.