Пошук

Францішак пра валейбол як магчымасць навучыцца жыццю

Ахвярнасць, трэніроўкі, строгасць – паводле Францішка, гэта самыя важныя элементы спорту. 30 студзеня 2023 года ён сустрэўся з прадстаўнікамі Італьянскай федэрацыі валейбола.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа падзякаваў спартыўным функцыянерам і спартсменам за адукацыйныя праекты, якія яны рэалізуюць разам з Канферэнцыяй біскупаў Італіі.

Ён спаслаўся на тактыку валейбола і заўважыў, што ўсё ў гэтай гульні пачынаецца з падачы. “У матчы, як і ў звычайным жыцці, трэба праяўляць ініцыятыву, браць на сябе адказнасць, уцягвацца. Ніколі не стаяць на месцы! Спорт можа вельмі дапамагчы пераадолець сарамлівасць і ранімасць, сталець у самасвядомасці, стаць галоўным героем, не забываючыся, што “годнасць чалавечай асобы з'яўляецца мэтай і крытэрыем кожнай спартыўнай дзейнасці”, - адзначыў Пантыфік.

Але ў гульні важна таксама ўмець прыняць мяч, накіраваць яго ў адпаведную зону, - дадаў Францішак. Ён параўнаў гэта з стаўленнем да іншага чалавека: трэба ўмець прыняць прапановы і выслухаць, з пакорай і цярпеннем. Як не можна стаць чэмпіёнам без трэнера, так ніяк не абысціся без людзей, якія з'яўляюцца цвёрдым арыенцірам, умеюць навучыць добра “прымаць” у жыцці.

"Існуе не толькі індывідуальнае вымярэнне, але неабходнасць быць часткай групы: кожны пакліканы ўнесці свой уклад, каб перамагчы разам”, - адзначыў Папа, гаворачы пра важнасць паса партнёру.

“Безумоўна, вырашальным з'яўляецца дзеянне атакі, якое дазваляе набіраць ачкі і дасягаць перамогі. Спорт павінен спрыяць здаровай канкурэнцыі, дзе не паддаюцца спакусе перамагчы, парушаючы правілы”, - звярнуў увагу Святы Айцец, асуджаючы выкарыстанне допінгу, які назваў “падманам, што пазбаўляе прыгажосці і задавальнення ад гульні, пэцкаючы яе хлуснёй і робячы бруднай”.

Спасылаючыся на блок – элемент абароны ў валейболе, Францішак прызнаўся, што “гэта слова прымушае яго думаць пра муры, якія існуюць у розных частках свету, як знак падзелу і замкнёнасці, пра няздольнасць людзей да дыялогу, пра дзёрзкасць тых, хто думае, што можна выратавацца ў адзіночку”.

“У валейболе, калі вы блакіруеце, высока скачаце, каб сустрэцца з ударам саперніка (...). Высокі скок азначае адрыў ад зямлі, ад матэрыяльнага і, такім чынам, ад усёй бізнес-логікі, якая падрывае спартыўны дух. Грошы і поспех ніколі не павінны дамінаваць над гульнявым складнікам, задавальненнем”, - падкрэсліў Папа.

Ён заклікаў спартыўных зорак “быць сведкамі карэктнасці і сумленнасці”. “Многія падлеткі глядзяць на вас і заўзеюць за вас: для іх вы – прыклад, не расчароўвайце іх! Жадаю вам добрай гульні, атрымання задавальнення, умення распаўсюджваць каштоўнасці сяброўства, салідарнасці і міру на полі і за яго межамі”, - звярнуўся Францішак да італьянскіх валейбалістаў.
 

30 студзеня 2023, 12:42