Францішак развітаўся з кардыналам Джорджам Пэлам
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Аўстралійскі іерарх адышоў у вечнасць 10 студзеня 2023 года на 81-м годзе жыцця. 14 студзеня на Алтары катэдры базылікі святога Пятра прайшла Імша ў яго інтэнцыі, цэлебрацыю якой узначаліў кардынал Джавані Батыста Рэ.
Дэкан Калегіі кардыналаў прамовіў гамілію, у якую ўзгадаў пра несправядлівы і балючы прысуд, які спазнаў кардынал Пэл у апошнія гады жыцця, пасля якога быў вымушаны правесці 404 дні ў турме строгага рэжыму, утрымліваючыся, у тым ліку ў ізаляцыі.
“Гэта быў досвед вялікіх пакут, якія ён перанёс з даверам да суджэння Бога, даючы прыклад прыняцця пакарання, таксама несправядлівага, з годнасцю і ўнутраным спакоем. Вера і малітва былі вялікім суцяшэннем і падтрымкай у гэтай сумнай справе”, - дадаў іерарх, нагадваючы, што ў якасці доказу моцы малітвы ў складаныя часы, кардынал Пэл пакінуў свае ўспаміны, напісаныя падчас прабывання ў няволі.