Пошук

Францішак з удзельнікамі сустрэчы, прысвечанай штучнаму інтэлекту Францішак з удзельнікамі сустрэчы, прысвечанай штучнаму інтэлекту  (Vatican Media)

Францішак: штучны інтэлект павінен служыць справядлівасці і міру

Папа сустрэўся з удзельнікамі мерапрыемства, прысвечанага пытанням этыкі штучнага інтэлекту, якое праходзіць 10 студзеня 2023 года ў Ватыкане. З гэтай нагоды прадстаўнікі трох аўраамічных рэлігій падпісалі Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту, ініцыяваны Папскай акадэміяй жыцця і падтрыманы Фондам RenAIssance (Адраджэнне).

Марыя Валодзіна – Vatican News

Францішак падзякаваў гасцям, сярод якіх былі яўрэйскія і ісламскія дэлегацыі, а таксама прэзідэнт кампаніі Microsoft Брэд Сміт, віцэ-прэзідэнт кампаніі IBM Дарыё Джыл і прадстаўнік Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Максіма Тарэра Кулэн, за прыхільнасць прасоўванню этыкі штучнага інтэлекту: “Ваша згода садзейнічаць культуры, якая ставіць тэхналогію на службу ўсеагульнаму дабру і клопату аб агульным доме, з'яўляецца ўзорам для многіх іншых. Усеагульнае братэрства - гэта ўмова для таго, каб развіццё тэхналогій служыла справядлівасці і міру ва ўсім свеце”, - сказаў ён.

Францішак нагадаў, што штучны інтэлект усё часцей прысутнічае ва ўсіх аспектах паўсядзённага жыцця, як асабістага, так і сацыяльнага. Гэта ўплывае на тое, як мы разумеем свет і сябе. Інавацыі ў галіне штучнага інтэлекта робяць яго ўсё больш вырашальным у дзейнасці чалавека і нават у рашэннях, якія ён прымае. Святы Айцец заклікаў прысутных працягваць і пашыраць іх дзейнасць, каб тэма этычнага выкарыстання алгарытмаў усё часцей прысутнічала ў публічных дэбатах, а таксама ў распрацоўцы тэхнічных рашэнняў.

На думку Пантыфіка, кожны чалавек без выключэння павінен мець магчымасць карыстацца плёнам чалавечага развіцця. Ён заклікаў заўсёды памятаць, што наша стаўленне да “апошніх і найменш паважаных сярод нашых братоў і сясцёр, кажа пра каштоўнасць, якую мы надаем чалавеку”. У якасці прыкладу Папа прывёў бежанцаў, якія просяць прытулку: "недапушчальна, каб рашэнне аб жыцці і лёсе чалавека было даручана алгарытму".

Рымскі заклік да этыкі штучнага інтэлекту можа стаць карысным інструментам для ўсебаковага дыялогу, у мэтах садзейнічання развіццю новых тэхналогій, - лічыць Пантыфік. - У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што пры сустрэчы розных светапоглядаў важнай кропкай збліжэння для пошуку агульных падыходаў з'яўляюцца правы чалавека. Сёння, аднак, неабходныя новыя, актуальныя разважанні аб правах і абавязках у гэтай галіне, таму што глыбокія і хуткія пераўтварэнні лічбавай эпохі падымаюць нечаканыя праблемы. Рымскі заклік з'яўляецца “важным крокам у прасоўванні лічбавай антрапалогіі ў трох асноўных напрамках: этыцы, адукацыі і права”, - сказаў Папа.

Напрыканцы прамовы Святы Айцец выказаў сваю падтрымку ўдзельнікам мерапрыемства і заклікаў іх “смела і пранікліва працягваць пошукі шляхоў, якія вядуць да ўсё больш шырокага ўдзелу ўсіх, хто клапоціцца пра дабро чалавечай сям'і.”

10 студзеня 2023, 11:34