Пошук

Аўдыенцыя для італьянскіх паліцэйскіх Аўдыенцыя для італьянскіх паліцэйскіх  (Vatican Media)

Францішак: сёння ёсць вялікая патрэба ў міратворцах

Можна быць міратворцамі нават праз малыя жэсты, на першы погляд нязначныя, і добра выконваючы сваю працу, - нагадаў Святы Айцец італьянскім паліцэйскім.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

12 студзеня 2023 года Папа прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва і супрацоўнікаў Інспекцыі па ахове грамадскага парадку Ватыкан – яны дапамагаюць Ватыканскай жандармерыі ахоўваць плошчу святога Пятра і яе ваколіцы, а таксама суправаджаюць Пантыфіка ў яго падарожжах па тэрыторыі Італіі.

Францішак падзякаваў сваім гасцям за служэнне, падкрэсліваючы, што яно можа быць знакам блізкасці Бога да братоў і сясцёр, якіх яны штодзённа сустракаюць і якія чакаюць ад іх ветлівых і гасцінных жэстаў. “Якая вялікая патрэба існуе сёння ў людзях, якія працуюць на карысць міра не толькі з дапамогай прыгожых слоў, але таксама з дапамогай учынкаў, з руплівасцю выконваючы свае абавязкі на карысць агульнага дабра!”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец заўважыў, што служба праваахоўнікаў з’яўляецца таксама сведчаннем добрых адносін, якія існуюць паміж Апостальскай Сталіцай і Італіяй. Ён пажадаў, каб у сваёй працы паліцэйскія заўсёды натхняліся жаданнем дапамагаць бліжняму і ўсяму грамадству.

Пантыфік заклікаў сваіх гасцей адкрыць для сябе прыгажосць і заўсёды новую сілу Евангелля, дапамагаць яму ўвайсці ў сумленне і жыццё, “даючы мужнае сведчанне любові Бога ва ўсіх асяродках, таксама на працы”. Папа параіў заўсёды насіць у кішэні маленькі асобнік Евангелля і чытаць па невялікім урыўку з яго кожны дзень, бо яно “сее дабро ў душы” і павольна напаўняе яе словамі Езуса.

12 студзеня 2023, 13:11