Пошук

Францішак у Конга: краіна і кантынент заслугоўваюць павагі

Няхай гвалту і нянавісці больш не будзе месца ні ў чыіх сэрцах ці вуснах, паколькі гэта бесчалавечныя і не хрысціянскія пачуцці, якія спыняюць развіццё і вяртаюць нас у змрочнае мінулае, - такім зваротам распачаў Папа сваё апостальскае падарожжа ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся 31 студзеня 2023 года да ўладаў краіны, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, Папа адзначыў, што з радасцю наведвае гэтую прыгожую краіну, з яе экватарыяльнымі лясамі, пласкагор'ямі, саванамі, гарамі, вулканамі, азёрамі, вялікімі вадаёмамі і ракой Конга, якая ўпадае ў акіян. Ён падкрэсліў, што прыродныя рэсурсы і геаграфічныя ўмовы краіны вельмі разнастайныя і багатыя, у той час як яе гісторыя менш шчодрая. Дэмакратычная Рэспубліка Конга працягвае быць сведкам канфліктаў і вымушанай міграцыі, а таксама пакутаваць ад жудасных форм эксплуатацыі. Гэтая велізарная і поўная жыцця краіна, дыяфрагма Афрыкі, здаецца, задыхаецца ад насілля, “як пасля ўдара ў жывот”.

Конга – гэта алмаз, сімвал зіхатлівай прыгажосці

Пантыфік падкрэсліў, што прыбыў у краіну як пілігрым прымірэння і міру, у час, калі кангалезскі народ змагаецеся за захаванне годнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, супраць сумных спробаў расколу краіны. “Я прыйшоў, каб прынесці вам блізкасць, прыхільнасць і суцяшэнне ўсяго Каталіцкага Касцёла”, - запэўніў Святы Айцец.

Пантыфік параўнаў краіну з алмазам – сімвалам зіхатлівай прыгажосці, а яе народ назваў “бясконца каштоўнейшым за любы скарб, знойдзены ў гэтай урадлівай глебе!” Касцёл і Папа вераць у будучыню кангалезцаў, якой яны павінны прысвяціць усе свае дары інтэлекту, мудрасці і працавітасці.

“Брыльянты сустракаюцца рэдка, але тут іх шмат. Калі гэта так у дачыненні да матэрыяльнага багацця ў глебе, то гэта тым больш тычыцца і духоўнага багацця ў вашых сэрцах. Бо менавіта ў сэрцах нараджаюцца мір і развіццё, таму што з Божай дапамогай мужчыны і жанчыны здольныя да справядлівасці і даравання, згоды і прымірэння, мэтанакіраванасці і настойлівасці ў тым, каб з карысцю выкарыстоўваць многія атрыманыя імі таленты”, - зазначыў Папа, заклікаўшы кожнага кангалезца ўнесці свой уклад, каб больш не было месца насіллю і нянавісці.

Яд прагнасці абагрыў брыльянты крывёю

Пантыфік назваў трагедыяй тое, што “афрыканскі кантынент працягвае падвяргацца розным формам эксплуатацыі. Палітычная эксплуатацыя спарадзіла эканамічны каланіялізм”, у выніку чаго краіна падверглася масаваму разрабаванню. “Яд прагнасці абагрыў брыльянты крывёю. Гэта трагедыя, на якую эканамічна больш развіты свет часта заплюшчвае вочы, закрывае вушы і рот. І ўсё ж гэтая краіна і кантынент заслугоўваюць таго, каб іх паважалі і да іх прыслухоўваліся”, - сказаў Папа.

“Рукі прэч ад Дэмакратычнай Рэспублікі Конга! Рукі прэч ад Афрыкі! Хопіць душыць Афрыку, гэта не шахта, якую трэба спустошыць, і не тэрыторыя, якую трэба разрабаваць. Хай Афрыка будзе галоўным дзеячам свайго ўласнага лёсу! Няхай свет прызнае катастрафічныя рэчы, якія на працягу стагоддзяў наносілі шкоду мясцовым народам, і не забудзе пра гэтую краіну і кантынент. Хай Афрыка, усмешка і надзея свету, мае большае значэнне. Хай пра яе кажуць часцей і хай яна мае большую вагу і прэстыж сярод нацый!” – заклікаў Святы Айцец.

Мы не можам прызвычаіцца да кровапраліцця

Пантыфік заклікаў “вызваліць месца для сапраўднай чалавечай дыпламатыі, для дыпламатыі, у якой народы клапоцяцца пра іншыя народы, для дыпламатыі, засяроджанай не на кантролі над зямлёй і рэсурсамі, экспансіянізме і павелічэнні прыбыткаў, а хутчэй на стварэнні магчымасцяў росту і развіцця для людзей”.

У выпадку з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга складваецца ўражанне, што міжнародная супольнасць практычна змірылася з насіллем, адзначыў Папа. “Мы не можам прызвычаіцца да кровапраліцця, якое дзесяцігоддзямі суправаджае гэтую краіну, прыводзячы да мільёнаў смерцяў, пра якія ў іншых краінах па большай частцы нічога не вядома. Тое, што тут адбываецца, павінна быць вядома. Цяперашнія мірныя працэсы, якія я вельмі заахвочваю, павінны падмацоўвацца канкрэтнымі справамі, а абавязацельствы павінны выконвацца. Дзякуй Богу, ёсць тыя, хто ўносіць свой уклад на карысць мясцовага насельніцтва і ў сапраўднае развіццё з дапамогай паспяховых праектаў”, - выказаў падзяку некаторым краінам і арганізацыям Францішак.

Рэлігіі павінны дапамагаць адкрываць багацце, якое тоіцца ў чалавеку

Звяртаючыся да метафары з алмазам, Пантыфік адзначыў што краіна, з яе каштоўнай спадчынай плюралізму, мае шматгранны характар. Гэта багацце павінна быць захавана, пазбягаючы любой формы рэгрэсу да этнічнай варожасці, якая парушае неабходную хімію цэлага. Сапраўды, нагадаў Папа, з хімічнага пункту гледжання, алмазы складаюцца з тых жа атамаў вугляроду, якія ўтвараюць графіт: “па сутнасці, розніца паміж бляскам алмаза і цемрай графіту абумоўлена тым, як у крышталічнай сетцы размяшчаюцца асобныя атамы. Пакідаючы ў баку метафару, праблема заключаецца не ў чалавечай прыродзе ці прыродзе этнічных і сацыяльных груп, а ў тым, як яны арганізуюць сумеснае жыццё: іх гатоўнасць або нежаданне сустракацца адзін з адным, прымірацца і пачынаць усё нанова вызначае розніцу паміж змрочнасцю канфлікту і светлай будучыняй міру і росквіту”, - сказаў Папа.

“Нябесны Айцец хоча, каб мы прымалі адзін аднаго як братоў і сясцёр з адзінай сям'і і працавалі дзеля будучыні разам з іншымі, а не супраць іншых. Як кажа афрыканская прыказка, Bintu bantu, сапраўднае багацце тоіцца ў людзях і ў іх адносінах адзін з адным. Рэлігіі, з іх мудрасцю, закліканы ўносіць свой уклад у гэтае багацце з дапамогай штодзённых намаганнях па адмове ад любой формы агрэсіі, празелітызму і прымусу, нявартых чалавечай свабоды. Важную ролю адыгрывае таксама грамадзянская супольнасць, здольная супрацьстаяць несправядлівасці і сацыяльнай дэградацыі цаной вялікіх ахвяр, неабходных для таго, каб абараніць правы чалавека, даступнасць якаснай адукацыі і больш годнае жыццё для ўсіх, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Патрэбна палітыка з крышталёвай празрыстасцю

Узгадаўшы такую ўласцівасць брыльянта, як празрыстасць, Папа заклікаў тых, хто займае грамадзянскія і ўрадавыя пасады дзейнічаць з крышталёвай празрыстасцю. “Улада мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі яна становіцца формай служэння. Як важна, каб грамадзянскія абавязкі выконваліся ў гэтым духу, пазбягаючы аўтарытарызму, імкнення да хуткай нажывы і прагнасці, якія апостал Павел вызначае як корань усіх бед (1 Цім 6,10)”.

Святы Айцец заклікаў заахвочваць да правядзення свабодных, празрыстых і годных даверу выбараў, дазволіць жанчынам, моладзі і сацыяльна маргіналізаваным групам прымаць яшчэ больш актыўны ўдзел у мірных працэсах, дамагацца агульнага дабра і бяспекі людзей, а не асабістых або групавых інтарэсаў, забяспечваць прысутнасць дзяржавы на ўсёй тэрыторыі краіны; і клапаціцца аб бежанцах і перамешчаных асобах.

Адукацыя – гарант будучыні

Папа нагадаў таксама пра неабходнасць адукацыі: “Неапрацаваныя алмазы каштоўныя, але маюць патрэбу ў паліроўцы. Самыя каштоўныя алмазы гэтых зямель – гэта сыны і дочкі нацыі”. Адукацыя дазволіць ім ярка праявіць свае прыроджаныя таленты. Гэта шлях у будучыню, шлях, па якім трэба ісці для дасягнення поўнай свабоды ў краіне і на афрыканскім кантыненце, адзначыў Францішак, заклікаўшы тэрмінова інвеставаць у адукацыю і канчатковае выкараненне такога бедства, як дзіцячая праца: “Дзеці, маладыя дзяўчаты і ўся моладзь увасабляюць надзею на будучыню: давайце не дазволім здушыць гэтую надзею, а замест гэтага будзем развіваць яе з запалам!”

Па словах Папы, алмаз, як прыродны рэсурс, нагадвае нам таксама аб адказнасці за навакольнае асяроддзе. У гэтай галіне неабходна шырокае і плённае супрацоўніцтва, якое дапамагло б палепшыць жыццё грамадства і пераадолець такія сур'ёзныя праблемы, як голад і малярыя.

Напрыканцы прамовы Францішак нагадаў, што алмаз – самы цвёрды з мінералаў, якія сустракаюцца ў прыродзе, валодае высокай хімічнай устойлівасцю. Паўторныя гвалтоўныя напады і шматлікія беспарадкі могуць аслабіць супраціў кангалезскага народа, падарваць яго рашучасць і прывесці да нудоты і пакоры. Тым не менш, у імя Хрыста, Бога надзеі, “які заўсёды дае нам сілы пачаць усё нанова”, Папа заклікаў усіх кангалезцаў распачаць адважнае і ўсёабдымнае сацыяльнае абнаўленне. Ён запэўніў іх у сваёй блізкасці і малітве “за намаганні, якія прыкладаюцца для дасягнення мірнай, гарманічнай і квітнеючай будучыні для гэтай вялікай краіны”.

31 студзеня 2023, 17:45