Пошук

Кардынал Конрад Краеўскі Кардынал Конрад Краеўскі 

Кардынал Краеўскі: людзі давяраюць ахвяраванні Папу

Кардынал Конрад Краеўскі параўнаў шчодрасць сучасных ахвярадаўцаў з велікадушнасцю вернікаў з Дзеяў Апосталаў, якія прыносілі свае дары для патрабуючых і клалі ля ног Дванаццаці.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Падобна і сёння людзі з усяго свету робяць дары бедным праз Святога Айца, пераводзячы грошы на рахунак Апостальскай элемазінарыі. Затым гэтыя сродкі накіроўваюцца на дапамогу людзям у нястачы ў розных частках свету, - заўважыў у каментары для Vatican News прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні.

Кардынал Краеўскі падзяліўся, што некалькі дзён таму яму патэлефанаваў пажылы чалавек з італьянскага горада Беневента і сказаў, што вырашыў ахвяраваць Святому Айцу 200 тысяч еўра, назапашаныя ім на канец жыцця, бо ўпэўнены, што Папа добра распарадзіцца гэтымі сродкамі. Ватыканскі іерарх адзначыў, што асабіста паедзе да гэтага чалавека, каб падзякаваць за такі шчодры дар. Грошы будуць прызначаны на падтрымку насельніцтва Украіны, а таксама Сірыі, Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судана.

Прэфект распавёў, што дзякуючы ахвяраванням вернікаў была набыта чарговая партыя электрагенератараў: 64 магутныя прыстасаванні, кожнае з якіх можа забяспечыць электрычнасцю некалькі жылых дамоў, былі дастаўлены ва Украіну некалькі дзён таму. Яны прызначаны для насельніцтва ўсходніх рэгіёнаў.

Кардынал зазначыў, што на падтрымку людзей ва Украіне за мінулы год было патрачана каля 2 мільёнаў еўра. Іерарх асабіста прымаў удзел у дастаўцы гуманітарных грузаў, часам перасякаючы польска-украінскую мяжу па тры разы на дзень, што было магчыма дзякуючы наяўнасці ў яго дыпламатычнага пашпарту. Падчас сваёй апошняй місіі ў снежні прэфект даставіў ва Украіну тэрмаадзенне і электрагенератары.

На працягу 2022 года Апостальская элемазінарыяй патраціла таксама каля 7,6 мільёнаў еўра на неадкладную дапамогу сем’ям і самотным людзям, што жывуць у нястачы, якіх высялялі з кватэр, калі яны не мелі магчымасці аплаціць рахункі. Уся гэта дзейнасць ажыццяўлялася праз пасрэдніцтва парафіяльных святароў і нунцыяў, калі сітуацыі мелі месца за межамі Італіі.
 

27 студзеня 2023, 09:32